Пошук

10.08.2018 10:44   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Св. Ян Павел ІІ падчас Першай сусветнай сустрэчы сем’яў. Рым, 1994 г. © Vatican Media

Сусветная сустрэча сем’яў, якая адбудзецца 21–26 жніўня ў Дубліне (Ірландыя) з удзелам папы Францішка, стане ўжо дзевятай і пройдзе праз 25 гадоў пасля першага падобнага форуму, скліканага св. Янам Паўлам ІІ.

Падчас урачыстай Эўхарыстыі на плошчы св. Пятра, якая праходзіла 6 чэрвеня 1993 г. з нагоды Сямейнага свята, арганізаванага рухам Факаляраў, Ян Павел ІІ абвясціў важную навіну: разам з Міжнародным годам сям’і пад эгідай ААН у 1994 г. таксама і Каталіцкі Касцёл будзе святкаваць адмысловы Год сям’і. Яго галоўнай падзеяй стане Сусветная сустрэча сем’яў у кастрычніку 1994 г. у Рыме, на тэму «Сям’я — сэрца цывілізацыі любові».

Як і Сусветныя дні моладзі, гэтая ініцыятыва нарадзілася дзякуючы прарочай інтуіцыі Яна Паўла ІІ і стала дарам для Касцёла, узбагачаючы наступныя пантыфікаты.

У межах Года сям’і святы Папа апублікаваў спецыяльнае пасланне, у якім адзначыў неабходнасць будавання «цывілізацыі любові», заснаванай на сям’і. Ён таксама скіраваў спецыяльны ліст да дзяцей і прысвяціў сям’і сваё пасланне на Сусветны дзень міру.

Праз тры гады 4–5 кастрычніка 1997 г. Сусветная сустрэча сем’яў на тэму «Сям’я — дар і адказнасць, надзея чалавецтва» прайшла ў бразільскім Рыа-дэ-Жанейра, а яшчэ праз тры гады — у Рыме ў межах Юбілейнага года на тэму «Дзеці — вясна сям’і і грамадства».

Апошні сямейны форум падчас пантыфікату Яна Паўла ІІ прайшоў у 2003 г. у Маніле на Філіпінах. Ён быў прысвечаны хрысціянскай сям’і як Добрай навіне для трэцяга тысячагоддзя.

«Сям’я, заснаваная на сужэнстве — гэта спадчына чалавецтва, сапраўдная Добрая навіна для людзей нашага часу», — казаў будучы святы ў слове, скіраваным да ўдзельнікаў манільскай сустрэчы, якая праходзіла без яго фізічнай прысутнасці.

Сусветная сустрэча сем’яў 2006 г. адбылася ў іспанскай Валенсіі ўжо падчас пантыфікату Бэнэдыкта XVI. Звяртаючыся да яе ўдзельнікаў, Папа казаў пра ролю сям’і ў перадачы веры, сцвярджаючы, што верыць можна навучыцца ў сям’і, калі яна ўмацоўваецца праз малітву і хрысціянскія практыкі.

На форуме, які прайшоў у студзені 2009 г. у Мехіка, Бэнэдыкт XVI звяртаў увагу на сям’ю як на месца фармавання чалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцяў, а таксама перасцерагаў ад фальшывага разумення свабоды і ўмацавання індывідуалізму, які нясе пагрозу для непарыўнасці сям’і.

На Сусветнай сустрэчы сем’яў у Мілане ўлетку 2012 г. на тэму «Сям’я, праца і свята» Папа, між іншым закрануў праблемы сем’яў, якія пакутуюць ад разводаў.

«Мне здаецца, што вялікае заданне парафіі, каталіцкай супольнасці, рабіць усё магчымае, каб яны адчувалі, што іх любяць і прымаюць», — адзначаў Бэнэдыкт XVI.

Для папы Францішка першая сустрэча з сем’ямі з усяго свету адбылася ў Філадэльфіі праз год пасля Сіноду Біскупаў, што праходзіў у кастрычніку 2014 г. у Ватыкане на тэму «Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце». У ЗША Папа падкрэсліваў, што мара Бога працягвае спаўняцца ў марах шматлікіх пар, якія маюць адвагу стварыць сям’ю. Пантыфік заклікаў сем’і працягваць быць прарокамі міру, пяшчоты і любові для параненага чалавецтва.

Абноўлена 12.08.2018 01:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця