Пошук

08.08.2018 16:51   Паводле: Vatican News / Catholic.by
© AFP or licensors

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 8 жніўня прайшла ў Ватыкане, Святы Айцец у сваёй кэтэхезе працягнуў разважанне на першай Божай запаведдзю: «Не май іншых багоў, апроч Мяне».

Як і на мінулым тыдні, Пантыфік засяродзіўся на праблеме ідалапаклонства, узяўшы за прыклад старазапаветную гісторыю пра залатога цяльца (гл. Зых 32, 1–8).

Напачтаку Папа заўважыў, што юдэі збудавалі ідала ў дакладна акрэсленым месцы — у пустыні:

«Што такое пустыня? Гэта месца, дзе пануюць нястача і небяспека. У пустыні няма нічога: няма вады, няма ежы, няма прыстанішча.

Пустыня — гэта вобраз чалавечага жыцця, стан якога няпэўны, якое не мае непарушных гарантый.

Гэтая небяспека нараджае ў чалавеку трывогу за свае першасныя патрэбы, якія Езус узгадвае ў Евангеллі: „Што будзем есці?“, „Што будзем піць?“, „У што апранемся?“».

Пантыфік зазначыў, што, апынуўшыся ў такой сітуацыі, юдэі шукалі хоць нейкі пункт апоры. Майсей, які быў іх лідарам і кіраўніком, узышоў на гару Сінай і не вяртаўся адтуль цэлых сорак дзён. Тады яны папрасілі Аарона даць ім «бачнага бога», і той зрабіў ім залатога цяльца.

Папа Францішак удакладніў, што на старажытным Усходзе цялец меў падвойнае значэнне: з аднаго боку, ён сімвалізаваў плённасць і дастатак, а з іншага — энергію і сілу. Золата, у сваю чаргу, з’яўляецца сімвалам багацця, поспеху, улады і грошай.

«Гэта — вялікія ідалы: поспех, улада і грошы. Гэта — вечныя спакусы.

Вось хто такі залаты цялец: сімвал усіх жаданняў, што ствараюць ілюзію свабоды, але насамрэч знявольваюць, бо ідалы заўсёды пазбаўляюць свабоды», — падкрэсліў пастыр паўсюднага Касцёла.

«Калі Бог не на першым месцы, мы з лёгкасцю ўпадаем у ідалапаклонства і задавольваемся мізэрнымі гарантыямі. Гэта — спакуса, якую мы пастаянна сустракаем на старонках Бібліі. Добра падумайце пра гэта: вывесці народ з Егіпта не каштавала Богу вялікіх намаганняў. Ён зрабіў гэта праз знакі магутнасці і любові. Але вялікай працы Богу каштавала тое, каб выдаліць Егіпет з сэрца народа, гэта значыць выкінуць ідалапаклонства з сэрца народа. І Бог працягвае працаваць над тым, каб выдаліць яго з нашых сэрцаў», — адзначыў Святы Айцец.

Па яго словах, прымаючы як Бога Езуса Хрыста, які, будучы багатым, стаў бедным дзеля нас, мы адкрываем, што прызнанне ўласнай слабасці — гэта не няшчасце, а ўмова адкрытасці для Таго, хто па-сапраўднаму моцны.

«Такім чынам, праз браму слабасці ўваходзіць Божае збаўленне. У сілу сваёй несамадастатковасці чалавек адкрываецца для айцоўства Бога», — сцвердзіў Папа.

«Свабода чалавека нараджаецца тады, калі ён дазваляе сапраўднаму Богу быць сваім адзіным Панам. Гэта дае магчымасць прыняць уласную кволасць і выкінуць ідалаў з сэрца», — дадаў Святы Айцец.

Ён таксама заўважыў, што мы, хрысціяне, скіроўваем позірк на Укрыжаванага Хрыста — слабога, пагарджанага і пазбаўленага ўсяго.

«Але ў Ім адкрываецца аблічча сапраўднага Бога, хвала любові, а не бліскучага падману. Ісая кажа: „Ягонымі ранамі мы аздаравіліся“», — нагадаў Пантыфік.

«Нашае аздараўленне паходзіць ад Таго, хто стаў бедным, прыняў паразу, да канца прыняў нашую нястачу, каб напоўніць яе любоўю і сілай. Ён прыходзіць, каб адкрыць нам айцоўства Бога.

У Хрысце нашая слабасць больш не з’яўляецца праклёнам, а становіцца месцам сустрэчы з Айцом і крыніцай новай сілы з неба», — падкрэсліў Святы Айцец.

Завяршаючы агульную аўдыенцыю, папа Францішак прывітаў прысутных у ватыканскай Зале Паўла VI пілігрымаў з розных частак свету і ўдзяліў усім сабраным сваё благаслаўленне.

Абноўлена 10.08.2018 01:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця