Пошук

02.08.2018 12:21   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 1 жніўня © Vatican Media

1 жніўня падчас агульнай аўдыенцыі, якая 2018 г. прайшла ў Ватыкане, Святы Айцец пасля месяцу летняга перапынку вярнуўся да разважання пра Божыя запаведзі.

У чарговай катэхезе Пантыфік глыбей раскрывае змест першай Божай запаведзі: «Не май іншых багоў, апроч Мяне», звяртаючыся да тэмы ідалапаклонства.

Па словах папы Францішка, сучасны свет прапануе цэлы «супермаркет» ідалаў, якімі могуць быць рэчы, выявы, ідэі, ролі. Гаворачы пра распаўсюджаную сёння з’яву варажбы на картах і хірамантыю, ён заўважыў, што аднойчы ў адным аргенцінскім парку сам стаў сведкам таго, якая вялікая колькасць людзей звярталася да гэтых практык.

«Замест таго, каб маліцца Богу, які з’яўляецца Провідам будучыні, яны прыходзілі туды, каб варажыць на картах і „ўбачыць будучыню“. Гэта ідалапаклонства нашага часу», — заўважыў Папа.

«Я пытаюся ў вас: колькі з вас звярталася да варажбы на картах, каб „убачыць будучыню“? Колькі з вас, напрыклад, звярталася да варажбы на далонях, каб „убачыць будучыню“, замест таго, каб маліцца Пану? Розніца вось у чым: Пан — жывы. Іншае — гэта ідалы, гэта непатрэбнае ідалапаклонства», — сцвердзіў Пантыфік.

Ён заўважыў, што пакланенне ідалам пачынаецца з апантанасці нейкай рэччу ці пэўнай задумай, прагненнем заняць пэўнае становішча. Чалавеку можа здавацца, што гэта цудоўны шлях да шчасця, сапраўдная вежа, каб дакрануцца да неба, і ён усё падпарадкоўвае гэтай мэце.

Потым ідалы пачынаюць патрабаваць пакланення, рытуалаў, ахвяравання ўсім. Як у старажытнасці ім прыносіліся чалавечыя ахвяры, таксама робіцца і сёння: дзеля кар’еры людзі ахвяруюць дзецьмі, дзеля прыгажосці жанчыны праводзяць цэлыя гадзіны перад люстэркам, дзеля славы многія ахвяруюць сабой, уласнай нявіннасцю і шчырасцю.

«Ідалы патрабуюць крыві», — падкрэсліў Папа.

«Грошы крадуць жыццё, а задавальненні прыводзяць да адзіноты. Эканамічныя структуры прыносяць у ахвяру чалавечае жыццё дзеля большага прыбытку. Падумаем пра вялікую колькасць беспрацоўных. Чаму так адбываецца? Таму што ўладальнікі прадпрыемстваў вырашылі звольніць людзей, каб зарабляць больш грошай. Залаты цялец…

Людзі жывуць у крывадушнасці, робячы і кажучы тое, што іншыя ад іх чакаюць, таму што бажок самасцвярджэння ад іх гэтага патрабуе. Такім чынам разбураюцца жыцці, распадаюцца сем’і, моладзь застаецца пад кантролем дэструктыўных мадэляў — толькі для таго, каб павялічыць прыбытак.

Таксама і наркотыкі — гэта ідал. Колькі маладых людзей згубілі здароўе і нават жыццё пакланяючыся бажку наркотыкаў!» — заўважыў Святы Айцец.

Папа зазначыў, што ідалы знявольваюць чалавека. Яны абяцаюць шчасце, але не даюць яго. Асоба трапляе ў вір самазнішчэння, калі пачынае жыць дзеля свайго ідала, чакаючы выніку, які ніколі не прыйдзе.

«Дарагія браты і сёстры, ідалы абяцаюць жыццё, але на самай справе пазбаўляюць яго», — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла і дадаў, што супрацьлеглым шляху ідалапаклонства з’яўляецца шлях любові, якому вучыць Бог.

«Любоў не можа прымірыцца з ідалапаклонствам: калі штосьці становіцца абсалютным і недатыкальным, яно аказваецца больш важным за сужонка, дзіця ці сяброўства» падкрэсліў Святы Айцец.

«Прывязанасць да аб’екту або ідэі робіць нас сляпымі для любові. Такім чынам, ідучы за ідаламі, мы можам нават адрачыся ад бацькі, маці, дзяцей, жонкі, мужа, сям’і… Ад самага дарагога. Прывязанасць да аб’екту або ідэі робіць нас сляпымі ў адносінах да любові. Прыміце гэта ў сэрца: ідалы крадуць любоў, ідалы робяць нас сляпымі ў адносінах да любові, а каб любіць па-сапраўднаму, трэба быць свабоднымі ад ідалаў», — сцвердзіў Пантыфік.

На заканчэнне аўдыенцыі папа Францішак заклікаў наследаваць прыклад св. Альфонса Марыі Лігуоры, літургічны ўспамін якога адзначаецца 1 жніўня ў Каталіцкім Касцёле. Святы Айцец адзначыў, што гэты руплівы пастыр сваёю сціпласцю і лагоднасцю здабыў вялікую колькасць чалавечых сэрцаў для Бога.

Абноўлена 02.08.2018 12:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа