6 ліпеня ў ватыканскай базыліцы св. Пятра папа Францішак узначаліў цэлебрацыю св. Імшы з удзелам каля 200 бежанцаў і тых, хто імі апякуецца.
Эўхарыстыя была прымеркавана да пятай гадавіны візіту Пантыфіка на італьянскі востраў Лампедуза, які знаходзіцца на шляху многіх мігрантаў, і стала малітвай за загінулых і выратаваных, а таксама за тых, хто дапамагае людзям, вымушаным шукаць лепшай долі на чужыне.
Сваю гамілію Святы Айцец распачаў з перасцярогі прарока Амоса: «Вы, што ўціскаеце ўбогага і даводзіце да галечы беднага <…> Вось настаюць дні, <…> калі Я спашлю на зямлю голад; <…> прагу пачуць слова Пана» (пар. Ам 8, 4. 11). Гэтае папярэджанне, на думку Папы, і сёння мае надзвычайную актуальнасць: у свеце шмат прыгнечаных, і вялікую іх частку складаюць менавіта мігранты і бежанцы — ахвяры культуры адчужэння.
Затым Святы Айцец звярнуўся да тэксту Евангелля, прачытанага на Імшы (гл. Мц 9, 9–13), у якім Езус дакарае фарысеяў: «Пайдзіце, навучыцеся, што значыць: міласэрнасці хачу, а не ахвяры».
«Гэта непасрэднае абвінавачванне ў крывадушнасці тых, хто не жадае „забрудзіць рукі“ <…> — у спакусе, шырока прысутнай у нашыя дні, якая праяўляецца ў замкнутасці ў адносінах да тых, хто, як і мы, мае права на бяспеку і на годныя ўмовы жыцця; ва ўзвядзенні муроў, рэальных ці ўяўных, замест мастоў», — перасцярог Святы Айцец.
Папа нагадаў пра абяцанне, дадзенае Езусам: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (пар. Мц 11, 28), аднак заўважыў, што, каб выканаць яго, Сын Божы мае патрэбу ў нашым супрацоўніцтве.
«Езусу неабходныя нашыя вочы, каб заўважаць патрэбы братоў і сясцёр. Яму неабходныя нашыя рукі, каб прыходзіць на дапамогу. Яму патрэбны наш голас, каб выкрываць несправядлівасці, якія чыняцца ў маўчанні, часам сумесна, многімі людзьмі. <…> Але перш за ўсё Пану патрэбнае нашае сэрца, каб праяўляць міласэрную любоў Бога да апошніх, адкінутых, забытых», — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла.
Паводле Папы, адзіным разумным адказам на сучасны міграцыйны выклік з’яўляюцца «салідарнасць і міласэрнасць, справядлівае размеркаванне адказнасці, шчырая ацэнка альтэрнатываў і дальнабачны падыход» да пытання.
«Справядлівая палітыка — гэта тая, якая пастаўлена на служэнне чалавеку, усім зацікаўленым асобам; якая прадугледжвае рашэнні, прыдатныя для гарантавання бяспекі, павагі да правоў і годнасці кожнага чалавека; здольная шукаць дабра для ўласнай краіны з улікам дабра іншых дзяржаваў ва ўсё больш узаемазвязаным свеце», — заключыў Сваяты Айцец.
На заканчэнне гаміліі папа Францішак звярнуўся да міжнароднай супольнасці і кіраўнікоў дзяржаў, адказных за вырашэнне міграцыйнага пытання, з пажаданнем знаходзіць «мудрую раўнавагу паміж прынцыпамі салідарнасці і субсідыярнасці», разважліва размяркоўваць «сродкі і адказнасць».