Самыя вядомыя апосталы Пётр і Павел падзяляюць на дваіх адну ўрачыстасць, якая святкуецца 29 чэрвеня.
Штопраўда, 25 студзеня адзначаецца свята навяртання апостала Паўла, а 22 лютага — свята Катэдры св. Пятра, аднак чаму ўсё ж такі асноўная ўрачыстасць гэтых двух апосталаў святкуецца ў адзін дзень?
Адказ вынікае з жыцця і дзейнасці, супольнай місіі гэтых двух вельмі непадобных паміж сабою святых, якіх з’яднала адна вера ў Хрыста, супольнае сведчанне пра Яго ўваскрасенне, а таксама месца смерці, якую абодва прынялі ў Рыме.
Пётр, імя якога было Сымон, нарадзіўся ў галілейскім горадзе Бэтсаідзе, быў жанаты і жыў у Капэрнаўме. Ён, як і яго старэйшы брат Андрэй, былі рыбакамі. Менавіта за лоўляй рыбы Сымона сустрэў Езус і паклікаў ісці за сабою, каб зрабіць яго «лаўцом людзей». Сымон атрымаў ад Езуса імя Пётр, што азначае скала, і заўсёды быў першым сярод апосталаў. Менавіта Пётр упершыню назваў Хрыста Сынам Божым, і тады ж атрымаў ад Яго абяцанне, што на ім, як на скале, будзе заснаваны Касцёл як супольнасць Божага народа Новага Запавету.
Нягледзячы на трохразовае адрачэнне Пятра ад Хрыста, што здарылася ў ноч перад укрыжаваннем, уваскрослы Езус даручае Пятру «пасвіць сваіх авечак» і прадказвае яму пры гэтым, якой смерцю апостал памрэ.
Гэтае прадказанне спраўдзілася ў Рыме падчас ганення на хрысціянаў пры імператары Нероне ў 64 ці 67 г.: Пётр быў укрыжаваны ўніз галавою. Ён сам папрасіў аб гэтым, бо не лічыў сябе годным памерці гэтаксама, як Хрыстус.
Звесткі пра жыццё святога Паўла дайшлі да нас у Дзеях Апосталаў, а таксама ў пасланнях самога апостала. Павел, чыё габрэйскае імя было Саўл, паходзіў з сям’і фарысея з горада Тарса, што на тэрыторыі сучаснай Турцыі.
Паколькі ён з нараджэння меў рымскае грамадзянства, у яго з самага пачатку было і другое, лацінскае імя Павел.
У 19 гадоў ён прыбыў у Ерузалем, каб вучыцца ў рабіністычнай школе вядомага настаўніка Гамаліэля. Тады Саўл быў непрымірымым ворагам хрысціянаў, бо лічыў іх адступнікамі ад веры Майсея. Ён заўзята пераследаваў вучняў Хрыста: між іншым, удзельнічаў у каменаванні першамучаніка Стэфана.
З мэтаю знішчыць маладую хрысціянскую супольнасць у Дамаску Саўл ва ўзросце 34 гадоў вырушыў у гэты горад, але па дарозе туды яму з’явіўся Хрыстус, які цалкам перамяніў усё яго жыццё, зрабіўшы сваім «выбраным начыннем» для абвяшчэння імені Божага ва ўсім свеце.
Адразу пасля навяртання Павел стаў нястомна абвяшчаць Евангелле паўсюль, куды яго пасылаў Святы Дух. Дзякуючы яму ўсё больш язычнікаў прымала слова Божае, праз хрост далучаючыся да Касцёла. Падчас трох місіянерскіх падарожжаў апостал абвяшчае Евангелле і стварае хрысціянскія супольнасці ў Аравіі, Сірыі, Малой Азіі, Македоніі, Грэцыі, Турцыі і іншых краінах, за што яго называюць Апосталам народаў. Неаднаразова яго жыццё было ў небяспецы падчас караблекрушэнняў; яго каменавалі, бічавалі, арыштоўвалі.
Прыблізна ў той жа час, што і Пётр, Павел прыняў у Рыме мучаніцкую смерць праз адсячэнне галавы.
Пасланні апостала Паўла раней за ўсе іншыя кнігі Новага Запавету пачалі лічыцца Боганатхнёнымі.
Святыя апосталы Пётр і Павел з’яўляюцца падмуркам Касцёла, заснаванага на Хрысце як на краевугольным камені. Намеснік Пятра — Папа Рымскі — працягвае служэнне, даручанае Пятру і яго наступнікам самім Хрыстом.