28 чэрвеня папа Францішак прыняў афіцыйную дэлегацыю Канстанцінопальскага Патрыярхату, якая прыбыла ў Рым з нагоды ўрачыстасці апосталаў Пятра і Паўла.
«Ваша прысутнасць з нагоды цэлебрацый у гонар галоўных апекуноў Рымскага Касцёла — гэта знак узрастаючага адзінства, якое злучае Каталіцкі Касцёл і Экуменічны Патрыярхат», — сказаў Папа падчас аўдыенцыі, удзеленай высокай праваслаўнай дэлегацыі ў ватыканскім Апостальскім палацы.
Прадстаўнікі Канстанцінопальскага Патрыярхату на чале з архіепіскапам Ёвам, сустаршынёй Камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, падчас трохдзённага візіту ў Рым наведаюць Папскую раду спрыяння хрысціянскаму адзінству, возьмуць удзел у кансісторыі, падчас якога Папа ўзвядзе ў кардынальскую годнасць некалькіх іерархаў, а таксама ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла будзе прысутнічаць на св. Імшы, цэлебрацыю якой узначаліць Святы Айцец.
«Памятаць пра апосталаў, іх вучэнне і сведчанне азначае памятаць пра супольныя карані, на якіх пабудаваны нашы Цэрквы-сёстры, а таксама ўсведамляць супольную місію служэння Евангеллю, каб ствараць новае чалавецтва, скіраванае да Бога», — сцвердзіў Пантыфік.
Ён заўважыў, што ў многіх грамадствах, якія традыцыйна называюць сябе хрысціянскімі, побач з яскравымі прыкладамі вернасці Пану Езусу Хрысту назіраецца прагрэсіруючае занядбанне хрысціянскай веры, якая больш не ўплывае на выбары паасобных людзей і публічныя рашэнні.
«Пагарда да годнасці чалавечай асобы, пакланенне грошам, пашырэнне насілля, абсалютызацыя навукі і тэхнікі, неабачлівая эксплуатацыя прыродных рэсурсаў — гэта толькі некаторыя цяжкія знакі трагічнай рэальнасці, перад якой мы не павінны апускаць рукі», — сказаў Папа.
Пастыр паўсюднага Касцёла падкрэсліў, што цалкам падзяляе словы Патрыярха Канстанцінопальскага Барталамея, прамоўленыя падчас яго нядаўняга візіту ў Рым з нагоды Міжнароднай канферэнцыі «Новая палітыка і лады жыцця ў лічбавую эпоху»:
«Адмовімся ад цынічнага выразу: „Няма альтэрнатывы“ <…>. Нашыя Цэрквы могуць ствараць новыя магчымасці пераўтварэнняў для свету. Сапраўды, сама Царква — гэта падзея пераўтварэння, дзялення, любові і адкрытасці <…>. Будучыня належыць не падзелам, а любові», — працытаваў Экуменічнага Патрыярха Пантыфік.
Святы Айцец з радасцю падкрэсліў, што гэтае «супадзенне поглядаў» з праваслаўным іерархам выяўляецца ў канкрэтнай сумеснай каталіцка-праваслаўнай працы.
«Таксама падчас гэтых апошніх месяцаў Экуменічны Патрыярхат і Каталіцкі Касцёл супрацоўнічалі ў рамках ініцыятываў, якія датычацца тэмаў вялікай важнасці, такіх, як барацьба супраць сучасных форм рабства, абарона стварэння, пошук міру.
У сувязі з гэтым я вельмі ўдзячны Яго Святасці Барталамею за тое, што ён прыняў маё запрашэнне сустрэцца 7 ліпеня ў Бары разам з кіраўнікамі Цэркваў і хрысціянскіх супольнасцяў Блізкага Усходу каб маліцца і разважаць над трагічнай сітуацыяй, якая прыгнятае многіх братоў і сясцёр з гэтага рэгіёну», — сказаў Папа.
Пантыфік выказаў пажаданне, каб для католікаў і праваслаўных на ўсіх узроўнях павялічваліся магчымасці для сумеснай працы, малітвы і абвяшчэння адзінага Евангелля Езуса Хрыста, атрыманага «дзякуючы апостальскаму прапаведванню, каб на гэтым сумесным шляху ўсё мацней адчуваць адзінства, якое, дзякуючы Божай ласцы», ужо яднае дзве Царквы.
Дэлегацыя Канстанцінопальскага Патрыярхату, пачынаючы з сярэдзіны 1960-х гадоў, штогод прыязджае ў Ватыкан на ўрачыстасць апосталаў Пятра і Паўла. У адказ дэлегацыя Апостальскай Сталіцы кожны год ездзіць у Стамбул 30 лістапада на свята святога апостала Андрэя.