Пошук

27.06.2018 16:43   Паводле: Vatican News / Catholic.by
© Vatican Media

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 27 чэрвеня прайшла ў Ватыкане, Святы Айцец сцвердзіў, што хрысціянскае жыццё — гэта ўдзячны адказ чалавека велікадушнаму Богу.

Працягваючы цыкл катэхезаў, прысвечаны Божым запаведзям, Пантыфік звярнуў увагу на самыя першыя словы Дэкалога: «Я — Пан Бог твой, які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі» (пар. Зых 20, 2). Здаецца, што такі пачатак не адносіцца да законаў, якія ідуць за гэтымі словамі, але гэта не так, сказаў Папа.

«Чаму спачатку тут змешчана ўрачыстае абвяшчэнне, у якім Бог кажа пра сябе і вызваленне? Таму што мы прыходзім да гары Сінай пасля таго, як прайшлі праз Чырвонае мора: спачатку Бог Ізраэля збаўляе, а потым просіць аб даверы. Іншымі словамі, Дэкалог пачынаецца з велікадушнасці Бога.

Бог ніколі не патрабуе, не даўшы чагосьці перад гэтым. Спачатку Ён збаўляе, спачатку дае, а потым просіць», — падкрэсліў Святы Айцец.

Ён заўважыў, што паміж Богам і Яго народам існуюць сыноўскія адносіны прыналежнасці. Яны вучаць заўсёды пачынаць з удзячнасці Богу.

«Той, хто пачынае з самога сябе, куды прыйдзе? Да самога сябе! Ён няздольны прайсці шлях. Вяртаецца да сябе. Гэта — эгаістычная пазіцыя», — перакананы Папа.

«Хрысціянскае жыццё — гэта, перш за ўсё, удзячны адказ велікадушнаму Айцу. Хрысціяне, якія выконваюць толькі „абавязкі“, прызнаюцца, што не маюць асабістага досведу таго Бога, які з’яўляецца „нашым“. Маўляў, я павінен рабіць тое, тое і тое… Толькі абавязкі. Але гэта значыць, што табе чагосьці не хапае. <…> Фундаментам гэтага абавязку з’яўляецца любоў Бога Айца, які спачатку адорвае, а потым загадвае. Ставіць закон перад адносінамі — гэта не дапамагае не шляху веры», — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.

Папа перакананы, што моладзь наўрад ці захоча быць хрысціянамі, калі зыходным пунктам у гэтым будуць толькі абавязкі, а не вызваленне.

«Быць хрысціянінам — гэта шлях вызвалення! Запаведзі вызваляюць цябе ад твайго эгаізма, бо ёсць Божая любоў, якая вядзе цябе наперад. Хрысціянская фармацыя грунтуецца не на сіле волі, а на прыняцці збаўлення, на тым, каб дазволіць любіць сябе: спачатку Чырвонае мора, а потым гара Сінай. Спачатку збаўленне: Бог збаўляе свой народ у Чырвоным моры, а потым, на Сінаі, кажа яму, што рабіць. Але народ ведае, што выконвае гэта, бо быў збаўлены Айцом, які яго любіць», — сказаў папа Францішак.

На яго думку, удзячнасць — гэта адметная рыса сэрца, якое наведаў Святы Дух, а каб быць паслухмянымі Богу, перш за ўсё трэба памятаць пра Яго дары. Ён заўважыў таксама, што вызваляючая дзейнасць Бога, пра якую гаворыцца напачатку Дэкалогу, гэта адказ на крык чалавека аб дапамозе.

«Мы не збаўляемся самі, але ад нас можа зыходзіць кліч аб дапамозе: „Пане, збаў мяне; Пане, навучы мяне шляху; Пане прытулі мяне; Пане дай мне крыху радасці“. Гэта заклік аб дапамозе. Вось што мы павінны рабіць: прасіць аб вызваленні ад эгаізму, граху, путаў няволі. Гэты кліч — важны, ён з’яўляецца малітвай, усведамленнем таго, што яшчэ ёсць нешта прыгнечанае і зняволенае ў нас. У нашай душы ёсць мноства ўсяго, што не вызвалена.

„Збаў мяне, дапамажы мне, вызвалі мяне“ — гэта цудоўная малітва да Пана. Бог чакае гэтага закліку, бо можа і жадае разарваць нашыя кайданы.

Бог паклікаў нас да жыцця не для таго, каб мы заставаліся пад прыгнётам, але каб былі свабоднымі і жылі ўдзячнасцю, з радасцю будучы паслухмянымі Таму, хто даў нам так шмат: бясконца больш, чым мы можам даць Яму.

Гэта цудоўна. Няхай Бог будзе заўсёды благаслаўлёны за ўсё тое, што зрабіў, робіць і зробіць для нас», — сказаў Святы Айцец.

Напрыканцы аўдыенцыі папа Францішак нагадаў, што 29 чэрвеня ў Каталіцкім Касцёле будзе адзначацца ўрачыстасць святых Пятра і Паўла. Ён заклікаў вучыцца ў гэтых апосталаў мужна сведчыць аб Евангеллі Езуса, захоўваючы згоду і сяброўства, ад якіх залежыць тое, наколькі пераканўчым будзе абвяшчэнне веры.

Абноўлена 27.06.2018 17:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця