Пошук

27.06.2018 14:22   vaticannews.va

26 чэрвеня Святы Айцец зрабіў важныя прызначэнні ў структурах Касцёла.

Папа Францішак прыняў адстаўку старшыні Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы кардынала Дамэніко Кальканьё ў сувязі з дасягненнем іерархам 75-гадовага ўзросту.

Адначасова на гэтую пасаду ён прызначыў 69-гадовага біскупа Нунцыё Галанціна, які дагэтуль з’яўляўся Генеральным сакратаром Канферэнцыі Біскупаў Італіі.

Папа таксама прыняў адстаўку архіварыуса Ватыканскага сакрэтнага архіва і Бібліятэкара Святога Рымскага Касцёла кардынала Жана-Луі Бруге і прызначыў на гэтую пасаду кс. Жазэ Таленціну Мэндонсу, надаўшы яму годнасць арцыбіскупа. 52-гадовы партугальскі святар прыступіць да сваіх новых абавязкаў 1 верасня 2018 г.

Ксёндз Мэндонса — вядомы ў сябе на радзіме тэолаг і паэт — дагэтуль быў віцэ-рэктарам Партугальскага каталіцкага ўніверсітэта ў Лісабоне. Сёлета ён праводзіў велікапосныя духоўныя практыкаванні для Святога Айца і высокіх іерархаў Рымскай курыі.

У Калегіі кардыналаў чатыры іерархі атрымалі годнасць кардыналаў-біскупаў

У той жа дзень, 26 чэрвеня, быў апублікаваны рэскрыпт аб наданні чатыром кардыналам годнасці кардыналаў-біскупаў.

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў адбывалася значнае пашырэнне Калегіі кардыналаў. Падкрэсліваецца, што колькасць іерархаў, якія належаць да ступені кардыналаў-прэзбітэраў і кардыналаў-дыяканаў, значна павялічылася, а колькасць кардыналаў-біскупаў заставалася пастаяннай і нязменнай.

Святы Айцец падчас аўдыенцыі для арцыбіскупа Бэчу, якая прайшла 12 чэрвеня, пастанавіў узвысіць да годнасці кардыналаў-біскупаў чатырох членаў Калегіі. Гаворка ідзе пра кардынала П'етро Параліна, Дзяржсакратара Яго Святасці Папы, кардынала Леанардо Сандры, прэфекта Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, кардынала Марка Уэле, прэфекта Кангрэгацыі па справах Біскупаў, і кардынала Фэрнандо Філоні, прэфекта Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў. Рашэнне Папы ўвойдзе ў сілу 28 чэрвеня.

З ліку кардыналаў-біскупаў абіраецца дэкан Калегіі кардыналаў. Цяпер гэтую пасаду займае 90-гадовы кардынал Анджэло Садана. Акрамя ўзгаданых іерархаў, вышэйшую кардынальскую годнасць маюць кардынал Джавані Батыста Рэ, кардынал Ражэ Эчэгарай, кардынал Фрэнсіс Арынзэ, кардынал Тарчызіё Бэртонэ і кардынал Жазэ Сарайва Марцінш. Усе яны ўжо маюць больш за 80 гадоў.

Абноўлена 27.06.2018 19:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа