Пошук

06.06.2018 19:28   Паводле: Vatican News / Catholic.by
© Vatican Media

6 чэрвеня падчас агульнай аўдыенцыі на ватыканскай плошчы Святога Пятра ў сваёй чарговай катэхезе на тэму сакрамэнту канфірмацыі Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што дар Святога Духа даецца не для таго, каб захоўваць яго толькі для сябе, але каб даваць яго іншым.

Папа Францішак падкрэсліў, што дар Святога Духа, які атрымліваюць канфірмаваныя, спрыяе таму, каб яны самі станавіліся дарам для іншых людзей.

«Памятайма, што калі біскуп намашчае нас алеем, ён кажа: „Прымі знак дару Духа Святога“. Гэты дар Святога Духа ўваходзіць у нас — сам Дух — і дазваляе прыносіць плады, каб мы маглі потым перадаваць Яго іншым. Заўсёды атрымліваць, каб даваць: ніколі не атрымліваць, каб захоўваць толькі для сябе, нібыта наша душа — гэта нейкае сховішча; не! <…>

Святому Духу ўласціва выводзіць нас з засяроджанасці на ўласным „я“ і адкрывацца для „мы“ хрысціянскай супольнасці. Не мы знаходзімся ў цэнтры: мы з’яўляемся прыладай гэтага дару для іншых», — сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, дапаўняючы ў ахрышчаных падабенства да Хрыста, канфірмацыя яшчэ мацней яднае іх як жывых членаў містычнага цела Касцёла. Місія Касцёла ў свеце працягваецца дзякуючы ўнёску ўсіх, хто да яго належыць, — падкрэсліў ён.

«Хтосьці думае, што ў Касцёле ёсць паны: Папа, біскупы, святары, а таксама работнікі: усе астатнія. Не! Касцёл — гэта мы ўсе!

Мы ўсе адказныя за тое, каб асвячаць адно аднаго, клапаціцца адно пра аднаго. Кожны мае сваё заданне ў Касцёле, бо Касцёл належыць усім. Мы павінны думаць пра Касцёл як пра жывы арганізм, што складаецца з людзей, якіх мы ведаем і з якімі крочым, а не як пра абстрактную і далёкую рэчаіснасць <…>. Канфірмацыя далучае да Паўсюднага Касцёла, распасцёртага па ўсім свеце, актыўна ўключаючы канфірмаваных у жыццё мясцовага Касцёла, да якога яны належаць, на чале з біскупам, які з’яўляецца наступнікам апосталаў», — патлумачыў Пантыфік.

Папа нагадаў, што ў лацінскім абрадзе звычайным распарадчыкам сакрамэнту канфірмацыі з’яўляецца менавіта біскуп. Гэтым падкрэсліваецца, што адным з наступстваў сакрамэнту з’яўляецца больш шчыльнае яднанне тых, хто яго прымае, з Касцёлам, з яго апостальскім паходжаннем і яго місіяй сведчання аб Хрысце.

Цудоўным выразам такога ўключэння ў Касцёл з’яўляецца знак супакою, якім завяршаецца абрад канфірмацыі.

«Праз канфірмацыю мы атрымліваем Святога Духа і супакой: той супакой, які мы павінны перадаваць іншым», — сказаў пастыр Паўсюднага Касцёла і заклікаў вернікаў трымацца гэтай місіі, ніколі не распаўсюджваючы плёткі, якія знішчаюць мір і гармонію ў супольнасці. Папа падкрэсліў, што ніхто не атрымлівае сакрамэнт канфірмацыі для самога сябе.

«Гэта дар не для таго, каб трымаць яго ў сховішчы, але каб заўсёды даваць яго іншым, спрыяць духоўнаму ўзрастанню іншых людзей. Толькі так, адкрываючыся і выходзячы па-за свае межы, каб сустракаць братоў, мы можам па-сапраўднаму расці, а не падманваць сябе, што робім гэта», — дадаў Святы Айцец.

«Заклікаю канфірмаваных не „знявольваць“ Святога Духа, не ставіць перашкод Ветру, які дзьме, каб падштурхнуць іх на шляху да свабоды, не гасіць гарачае Полымя любові, якое вядзе да прысвячэння жыцця Богу і братам. Няхай Святы Дух дасць усім нам апостальскую адвагу перадаваць Евангелле справамі і словамі тым, каго мы сустракаем на нашым шляху. Справамі і словамі: добрыя словы, якія будуюць, а не плёткі, якія разбураюць. Калі ласка, калі выходзіце з касцёла, памятайце, што атрымалі супакой, каб несці яго іншым, а не для таго, каб знішчаць іх плёткамі. Не будзем забывацца пра гэта!» — заклікаў на заканчэнне катэхезы папа Францішак.

Абноўлена 06.06.2018 21:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця