З нагоды ІХ Сусветнай сустрэчы сем’яў, якая пройдзе з 21 па 26 жніўня ў Дубліне, папа Францішак устанавіў магчымасць атрымання поўнага і частковага адпустаў. Адмысловы дэкрэт Апостальскай Пэнітэнцыярыі быў апублікаваны 21 мая, у літургічны ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Касцёла.
Поўны адпуст вернікі змогуць атрымаць на звычайных умовах: трэба быць у стане асвячальнай ласкі, прыняць святую Камунію і памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца, а таксама быць вольнымі ад усялякай прывязанасці да якога-небудзь граху, нават лёгкага.
Асаблівая ўмова адпусту — пабожна прыняць удзел у якім-небудзь набажэнстве ў межах Сусветнай сустрэчы сем’яў, у тым ліку ў яе ўрачыстым закрыцці.
Усе тыя, у каго не будзе магчымасці ўзяць удзел у падзеі, змогуць атрымаць поўны адпуст на тых самых умовах, калі яны, «духоўна яднаючыся з вернікамі, сабраннымі ў Дубліне, памоляцца ў коле сям’і малітвы Ойча наш, Веру ў Бога Айца і іншыя пабожныя малітвы» ў інтэнцыі сем’яў, асабліва ў той час, калі словы Святога Айца будуць трансліравацца па тэлебачанні ці па радыё.
У дэкрэце Апостальскай Пэнітэнцыярыі адзначацца таксама, што «частковы адпуст удзяляецца вернікам кожны раз, калі яны са скрушаным сэрцам ва ўзгаданы час будуць маліцца аб дабры для сем’яў».
Адпуст — гэта дараванне перад Богам часовай кары за грахі, віна за якія ўжо прабачана. Вернік атрымлівае яго пры пэўных умовах, для сябе самога або для памерлых, праз паслугу Касцёла, які, як той, хто раздае ласкі адкуплення, размяркоўвае скарб заслуг Хрыста і святых (Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, 312).
У межах падрыхтоўкі да ІХ Сусветнай сустрэчы сем’яў у Дубліне ў Баранавічах з 1 па 3 чэрвеня пройдзе ІІІ агульнабеларускі Кангрэс каталіцкіх сямейных рухаў. Дэвіз сустрэчы: «Евангелле сям’і — радасць для свету».