У кароткім разважанні перад малітвай «Уладарка неба», якую папа Францішак правёў ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога 20 мая, Пантыфік засяродзіўся на духоўным значэнні гэтай урачыстасці ў жыцці Касцёла сёння і на ўсеагульным пакліканні хрысціянаў да святасці.
«Сённяшняя ўрачыстасць Пяцідзясятніцы — кульмінацыя велікоднага перыяду, засяроджанага на смерці і ўваскрасенні Езуса. Гэтая ўрачыстасць прымушае нас узгадаць і нанава перажыць спасланне Духа Святога на Апосталаў і іншых вучняў, сабраных у Вячэрніку на малітве разам з Паннай Марыяй (гл. Дз 2, 1–11).
У гэты дзень распачалася гісторыя хрысціянскай святасці, таму што Святы Дух — крыніца святасці, якая з’яўляецца не прывілеяй нямногіх, а пакліканнем усіх», — перш за ўсё адзначыў Святы Айцец.
Ён нагадаў прысутным на плошчы Святога Пятра вернікам, што праз хрост мы ўсе пакліканы ўдзельнічаць у адным Боскім жыцці Хрыста, а праз канфірмацыю — стаць Яго сведкамі ў свеце, спаслаўшыся пры гэтым на сваю апошнюю адгартацыю, прысвечаную пакліканню да святасці ў сучасным свеце Gaudete et exsultate: «Дух Святы разлівае святасць паўсюль у святым і верным Божым народзе» (пар. Ап. адгартацыя Gaudete et exsultate, 6). Грунтуючыся на вучэнні Другога Ватыканскага Сабору, Папа падкрэсліў, што «Богу спадабалася асвячаць і збаўляць людзей не паасобку, выключыўшы ўсякую ўзаемасувязь паміж імі, а ўтварыць з іх народ, які б пазнаваў Яго ў праўдзе і свята служыў Яму» (пар. Дагм. канст. Lumen gentium, 9).
Пастыр паўсюднага Касцёла нагадаў, што ўжо старажытныя прарокі прадказвалі гэты Божы план асвячэння народа і што іхнія прароцтвы здзейсніліся ў Езусе Хрысце, «Пасрэдніку і Гаранту бясконцага спаслання Духа».
«З дня Пяцідзясятніцы і ажно да сканчэння часоў гэтая святасць, паўнатой якой з’яўляецца Хрыстус, даецца ўсім тым, хто адкрываецца для дзеяння Святога Духа і намагаецца быць Яму паслухмяным.
Менавіта Дух дае адчуць паўнату радасці. Дух Святы, уваходзячы ў нас, знішчае сухасць, адкрывае сэрцы для надзеі, а таксама спрыяе і дапамагае ўнутранаму сталенню ў адносінах з Богам і з бліжнімі», — сказаў Святы Айцец.
На заканчэнне ён заклікаў вернікаў прасіць Панну Марыю таксама сёння даць Касцёлу адноўленую Пяцідзясятніцу, адноўленую маладосць, якая прынясе радасць жыць Евангеллем і сведчыць пра яго і «паглыбіць у нас моцнае жаданне быць святымі на большую хвалу Бога» (пар. Gaudete et exsultate, 177).
Пасля малітвы «Уладарка неба» папа Францішак паведаміў, што напярэдадні духоўна далучыўся да малітоўнага чування за мір, якое прайшло ў Ерузалеме — «Горадзе, святым для юдэяў, хрысціянаў і мусульманаў», а таксама заахвоціў вернікаў «працягваць заклікаць Святога Духа, каб Ён прабудзіў жаданне і адносіны дыялогу і прымірэння на Святой Зямлі і на ўсім Блізкім Усходзе».
Адзначыўшы, што падзея Пяцідзясятніцы стала зыходным пунктам у паўсюднай місіі Касцёла, Святы Айцец паведаміў пра абнародаванне паслання на наступны Сусветны дзень місіі, нагадаўшы пры гэтым пра 175-ю гадавіну ўзнікнення Ініцыятывы місійнага дзяцінства, якая бачыць у дзецях галоўных дзеючых асобаў місіі, праз малітву і маленькія штодзённыя ўчынкі любові і служэння. Папа падзякаваў дзеткам і заахвоціў іх да ўдзелу і распаўсюду Евангелля ў свеце.
Напрыканцы наступнік Пятра агучыў імёны новых кардыналаў, якім будзе нададзена гэта найвышэйшая касцёльная годнасць на бліжэйшым кансісторыі, што адбудзецца 29 чэрвеня.