Пошук

22.05.2024 11:11   Паводле: Vatican News PL / Catholic.by
Фота: Frédéric Petry / AFP

З 18 па 20 мая ў Францыі праходзіла пешая пілігрымка з Парыжа ў Шартр. У ёй сёлета ўзялі ўдзел 18 тыс. пілігрымаў, што стала рэкорднай колькасцю для гэтай пілігрымкі, якая штогод праходзіць з нагоды ўрачыстаці Спаслання Духа Святога.

Большасць з іх — маладыя людзі, сярэдні ўзрост якіх складае 20 гадоў. Пілігрымка становіцца ўсё больш папулярнай. Летась у ёй бралі ўдзел 16 тыс. чалавек, але ахвотных было значна больш, таму гэтым разам было прадугледжана дадаткова 2 тыс. месцаў, хоць і гэтага не хапіла. Рэгістрацыя ўдзельнікаў завяршылася за месяц да пілігрымкі.

За тры дні пілігрымы пераадолелі больш за 90 км. Яны выйшлі ў суботу раніцай з касцёла Сэн-Сюльпіс, які пасля пажару ў катэдры Нотр-Дам часова з’яўляецца парыжскім катэдральным касцёлам.

Некаторыя групы сумяшчалі першы дзень пілігрымкі з евангелізацыяй. Ідучы па Парыжы, пілігрымы размаўлялі з мінакамі, адказвалі на іх пытанні, сведчылі аб сваёй веры.

Пілігрымка ў Шартр мае выразны традыцыяналісцкі характар. Падчас яе цэлебруецца Імша паводле Імшала святога Яна XXIII, але ў поўнай вернасці Святому Пасаду. Пілігрымы часта моляцца за Папу Францішка, многія з іх удзельнічалі ў Сусветных днях моладзі ў Лісабоне. Як піша штотыднёвік Pelerin, не ўсе штодня звязаны з традыцыяналісцкімі супольнасцямі: многія зазвычай удзельнічаюць у «паслясаборнай» Імшы.

Насустрач пілігрымцы з Парыжа ў Шартр адначасова ішлі 7 тыс. пілігрымаў у адваротным кірунку. Гэтая пілігрымка была арганізавана традыцыяналісцкім святарскім брацтвам святога Пія Х.

Сёлета пілігрымка ў Шартр адбывалася ў 42-і раз. На заканчэнне пілігрымкі ў гатычнай катэдры Нотр-Дам у Шартры святую Імшу цэлебраваў кардынал Герхард Мюллер, былы Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, з удзелам Шартрскага біскупа Філіпа Крыстары.

Фота: Stéphane Lagoutte/Myop pour Libération

Павышаная цікавасць да пілігрымкі ў Шартр з’яўляецца адной з многіх праяваў рэлігійнага адраджэння ў Францыі. Яшчэ адным сведчаннем гэтага стала штогадовая сустрэча маладых католікаў Парыжскага рэгіёна: Frat à Jambville. Яна праходзіла з 17 па 20 мая і была прызначана для падлеткаў.

Тут таксама адзначана рэкордная колькасць удзельнікаў: 11 тыс., тады як два гады таму было толькі 7,8 тыс.

Па словах ксяндза Бэнуа дэ Сінэці, былога каардынатар душпастырства моладзі ў Парыжы, гэтае нечаканае адраджэнне «вынікае не з дасканаласці Касцёла, але, наадварот, з яго слабасці, у якой Божая ласка праяўляецца ва ўсёй сваёй моцы».

Абноўлена 22.05.2024 11:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа