Пошук

© Vatican Media

16 мая падчас агульнай аўдыенцыі для вернікаў на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане Папа Францішак тлумачэннем заключных абрадаў хросту завяршыў цыкл катэхезаў, прысвечаных гэтаму сакрамэнту.

Святы Айцец засяродзіў увагу на абрадзе ўручэння белага адзення і запаленай свечкі. Апрананне новаахрышчаных у белае адзенне практыкавалася з першых стагоддзяў хрысціянства і сімвалізавала ззянне жыцця, атрыманага ў Хрысце і ў Святым Духу пасля хросту, а таксама стварэнне чалавека нанава паводле задумы Бога, у сапраўднай святасці.

«Новае адзенне сімвалічна выражае тое, што адбылося ў сакрамэнце», — сказаў Папа.

Што азначае «апрануцца ў Хрыста», нагадвае св. Павел. Апостал тлумачыць, якія цноты пакліканы развіваваць ахрышчаныя. «Апраніцеся ж як выбранцы Божыя, святыя і ўмілаваныя, у шчырую міласэрнасць, лагоднасць, пакору, далікатнасць, доўгацярплівасць, церпячы адзін аднаго і даруючы ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду; як Пан дараваў вам, так і вы. А па-над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці», — працытаваў Апостала народаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Гаворачы пра абрад уручэння запаленай свечкі, Святы Айцец звярнуў увагу на словы, якія ў гэты момант кажа святар: «Прыміце святло Хрыста».

«Гэтыя словы нагадваюць, што не мы з’яўляемся святлом, а Езус Хрыстус, уваскрослы з памерлых, які перамог цемру зла. Мы пакліканыя прыняць Яго ззянне!

Як полымя пасхала дае святло іншым свечкам, так любоў Уваскрослага Пана запальвае сэрцы ахрышчаных, напаўняючы іх святлом і цеплынёю.

Таму з першых стагоддзяў хрост называўся „асвятленнем“, а ахрышчаныя называліся „асветленымі“», — заўважыў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што ўсе ахрышчаныя пакліканыя заўсёды крочыць, як дзеці святла, трываючы ў веры.

«Калі гаворка ідзе пра дзяцей, то заданнем бацькоў і хросных з’яўляецца клопат аб падтрыманні ў іх полымя ласкі хросту, дапамагаючы ім трываць у веры.

Хрысціянскае выхаванне — гэта права дзяцей!» — сказаў папа Францішак.

«Жывая прысутнасць Хрыста, якую трэба ў нас захоўваць, бараніць і развіваць, з’яўляецца светачам, што асвятляе нашы крокі; святлом, якое дае кірунак нашым рашэнням; полымем, што распальвае сэрца, што выходзіць на сустрэчу з Панам, робячы нас здольнымі дапамагаць тым, хто крочыць побач з намі, аж да непадзельнай еднасці з Ім. У той дзень, кажа Апакаліпсіс, „і ночы ўжо не будзе, і не будуць мець патрэбы ні ў святле лямпы, ні ў святле сонца, бо Пан Бог будзе свяціць над імі; і яны будуць валадарыць на векі вечныя“», — заўважыў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што ўдзяленне сакрамэнту хросту завяршаецца малітвай «Ойча наш», уласцівай супольнасці Божых дзяцей.

«Сапраўды, дзеці, народжаныя нанава праз хрост, атрымаюць паўнату дару Духа ў канфірмацыі і будуць удзельнічаць у Эўхарыстыі, будуць вучыцца таму, што значыць звяртацца да Бога, называючы Яго Айцом», — дадаў Пантыфік.

На заканчэнне катэхезы папа Францішак, спаслаўшыся на сваю апошнюю Апостальскую адгартацыю Gaudete et exsultate, заклікаў вернікаў дазволіць, каб ласка, якую яны атрымалі ў хросце, прыносіла багатыя плёны на іх шляху да святасці.

Абноўлена 17.05.2018 17:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця