Напярэдадні чарговай гадавіны заканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе, якая адзначаецца 8 мая, нашчадкі дырэктара Ватыканскіх музеяў Барталамэо Нагары перадалі збор ягоных дзённікаў, у якіх адлюстраваны малавядомыя дэталі гісторыі перыяду з 1920 па 1954 гады.
Барталамэо Нагара нарадзіўся 150 гадоў таму на ўзбярэжжы італьянскага возера Кома ў сям’і з моцнымі каталіцкімі традыцыямі, у якой было трынаццаць дзяцей. Чацвёра ягоных братоў былі святарамі і дасягнулі значных пасадаў у Касцёле. Археолаг і філолаг з бліскучай адукацыяй, прафесар Нагара ў 1920 г. быў пакліканы папам Бэнэдыктам XV, каб узначаліць Ватыканскія музеі і правесці іх мадэрнізацыю. Знаходзячыся на гэтай пасадзе на працягу 34-х гадоў да самай смерці, ён няспынна вёў падрабязныя запісы ў сваіх дзённіках, якія і былі цяпер перададзены Ватыкану яго нашчадкамі.
У той час, як гісторыкі і эксперты маюць магчымасць вывучаць 41 сшытак дзённікаў, напісаных акуратным і разборлівым почыркам доктара Нагары, у ватыканскім штодзённіку L’Osservatore Romano ужо апублікаваныя пэўныя факты, у прыватнасці, пра яўрэяў і палітычных дысідэнтаў, уратаваных ад дэпартацыі дырэктарам Ватыканскіх музеяў і яго вернымі супрацоўнікамі.
Пра некаторыя з іх было вядома ўжо раней, напрыклад, пра гісторыю Эрміны Шпаер (Hermine Speier), адной з нешматлікіх у тыя часы жанчын-археолагаў, якая была звольнена з працы з-за свайго яўрэйскага паходжання і знайшла прытулак у Ватыканскіх музеях, стаўшы першай жанчынай-супрацоўніцай Святога Пасаду. Запісы раскрываюць яшчэ шмат гісторый членаў італьянскага Супраціўлення, якія хаваліся пад чужымі імёнамі ў дамах музейных супрацоўнікаў, а таксама тых, каго Нагара спрабаваў, але не здолеў уратаваць ад нацысцкіх лагераў смерці.
У дзённіках таксама згадваюцца шматлікія неацэнныя творы мастацтва, уратаваныя ад знішчэння і разрабавання падчас Другой сусветнай вайны, калі Ватыканскія музеі супрацоўнічалі з камандай экспертаў саюзнікаў у справе вяртання карцін, скульптур, кніг і іншых мастацкіх каштоўнасцяў, захопленых нацыстамі і пакінутымі пасля іх адыходу.
Акрамя гэтых малавядомых гістарычных фактаў, у дзённіках захавалася нямала цікавых падрабязнасцяў размоваў з вышэйшым кіраўніцтвам Касцёла, у тым ліку з папам Піем ХІ, які правёў у Ватыканскіх музеях нямала дажджлівых дзён, калі не мог выйсці на паветра ў сады Ватыкана.
Запісы прафесара Нагары ўтрымліваюць таксама шмат каштоўных звестак адносна мадэрнізацыі Ватыканскіх музеяў у перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі, якая праводзілася з улікам вопыту іншых еўрапейскіх музеяў у Лондане, Парыжы і Берліне. Той маштабны праект уключаў у сябе фотадакументаванне ўсіх музейных экспанатаў і стварэнне лабараторый з найбольш сучасным абсталяваннем для аднаўлення старажытных карцін, габеленаў, твораў з керамікі і каштоўных металаў.
Дзякуючы стараннай працы дырэктара Ватыканскіх музеяў быў закладзены трывалы падмурак іх далейшага развіцця і паспяховага функцыянавання ў ХХІ стагоддзі. Дзённікі прафесара Баталамэо Нагары — яшчэ адзін нечаканы скарб, які забяспечыць сучасных гісторыкаў і мастацтвазнаўцаў каштоўным матэрыялам для доследу на шмат гадоў наперад.