Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 25 красавіка прайшла на ватыканскай плошчы Святога Пятра, Святы Айцец, працягваючы катэхезы на тэму сакрамэнту хросту, сцвердзіў, што Касцёл заўсёды падтрымлівае сваіх дзяцей, дапамагаючы ім перамагаць спакусы моцай Хрыстовай Пасхі.
На пачатку катэхезы Пантыфік заўважыў, што менавіта Евангелле асвячае кандыдатаў да сакрамэнту і абуджае ў іх прывязанасць да веры. Вера, у сваю чаргу, — гэта адданне сябе Езусу, якога мы прызнаем «крыніцай вады <…>, што цячэ ў жыццё вечнае» (пар. Ян 4, 14), «святлом свету» (пар. Ян 9, 5), «уваскрасеннем і жыццём» (пар. Ян 11, 25).
«Навучаныя слуханнем Езуса, Яго настаўленнямі і Яго справамі, катэхумены перажываюць досвед самарытанскай жанчыны, якая прагнула жывой вады, досвед сляпога ад нараджэння, які адкрывае вочы для святла, досвед Лазара, які выходзіць з магілы.
Евангелле нясе ў сабе сілу перамены для тых, хто прымае яго з верай, вырываючы іх з улады злога, каб навучыліся служыць Пану з радасцю і абноўленым жыццём», — сказаў Святы Айцец.
Папа Францішак заўважыў, што катэхумены набліжаюцца да хрысцільнай крыніцы не самі па сабе, а ў суправаджэнні малітвы ўсяго Касцёла, пра што нагадвае літанія да Усіх святых, якая папярэднічае малітве-экзарцызму і намашчэнню алеем катэхуменаў.
Паводле Святога Айца, гэтыя жэсты запэўніваюць асоб, якія рыхтуюцца «нарадзіцца нанава як Божыя дзеці, што малітва Касцёла іх падтрымлівае ў барацьбе са злом, суправаджае на шляху дабра, дапамагае ім вырвацца з моцы граху, каб прайсці ў Валадарства Божай ласкі».
Пантыфік заўважыў, што хрост — гэта не магічная формула, а дар Святога Духа, які робіць тых, хто яго прымае, здольнымі «змагацца супраць духа зла» і рабіць гэта з верай у тое, што «Бог паслаў у свет свайго Сына, каб знішчыць уладу сатаны і перанесці чалавека з цемры ў сваё Валадарства нязгаснага святла».
Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што, акрамя малітвы, перад самім абрадам хросту грудзі катэхуменаў намашчаюцца алеем на знак атрымання запалу для вырачэння д’ябла і граху.
«З прычыны таго, што алей здольны пранікаць у тканкі, прыносячы карысць, старажытныя барцы мелі звычай намашчэння цела, каб танізаваць мускулы і з большай лёгкасцю вырывацца з захопаў праціўніка. У кантэксце гэтай сімволікі хрысціяне першых стагоддзяў прынялі звычай намашчэння цела кандыдытаў да хросту алеем, які быў благаслаўлёны біскупам, каб адзначыць праз гэты „знак збаўлення“, што моц Хрыста Збаўцы ўмацоўвае для барацьбы супраць зла і перамогі над ім», — падкрэсліў Пантыфік.
Папа заўважыў, што змагацца з д’яблам, пазбягаць яго падманаў, аднаўляць сілы пасля знясільваючай барацьбы бывае цяжка, але трэба ведаць, што ўсё хрысціянскае жыццё — гэта змаганне.
«Мы павінны таксама ведаць, што не з’яўляемся самотнымі, што Маці Касцёл моліцца, каб яго дзеці, адроджаныя ў хросце, не паддаваліся спакусам злога, а перамагалі іх моцай Хрыстовай Пасхі.
Умацаваныя Уваскрослым Панам, які перамог князя гэтага свету (пар. Ян 12, 31), таксама і мы можам паўтараць з верай апостала Паўла: „Усё магу ў тым, хто мяне ўзмацняе» (пар. Флп 4, 13). Мы ўсе можам перамагчы, перамагчы ўсё, але сілай, якая паходзіць ад Езуса», — запэўніў Пантыфік.
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі папа Францішак нагадаў, што 25 красавіка ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўспамін св. Марка, евангеліста. Па традыцыі, вітаючы моладзь, хворых і маладых сужонкаў, ён пажадаў, каб заступніцтва гэтага святога падтрымлівала іх на шляху веры і дазволіла стаць уважлівымі слухачамі і прапаведнікамі Евангелля Хрыста, даючы сведчанне аб ім уласным жыццём.