Пошук

24.04.2018 20:26   Паводле: Libreria Editrice Vaticana / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Папа Францішак з чатырма новапрэзбітэрамі © Vatican News
Папа Францішак з чатырма новапрэзбітэрамі © Vatican News

Перад малітвай «Уладарка неба», якую 22 красавіка, у нядзелю Добрага Пастыра, Святы Айцец правёў у Рыме для шматлікіх вернікаў, сабраных на плошчы Святога Пятра, ён казаў пра неабходнасць дазволіць Езусу сябе пазнаць, каб прыняць ад Яго дар духоўнага аздараўлення.

Пантыфік напачатку зазначыў, што літургія чацвёртай Велікоднай нядзелі мае на мэце дапамагчы вернікам адкрыць сваю тоеснасць вучняў Уваскрослага Хрыста. Так, у Дзеях Апосталаў Пётр адкрыта заяўляе, што аздараўленне кульгавага, здзейсненае ім у Ерузалеме, адбылося ў імя Езуса, таму што «няма ні ў кім іншым збаўлення» (пар. Дз 4, 12).

У гэтым аздароўленым чалавеку прысутнічае кожны з нас: гэты чалавек — наш вобраз, мы ўсе ўвасоблены ў ім, а таксама нашыя супольнасці; кожны можа аздаравіцца ад шматлікіх духоўных немачаў, якія мае: ад амбіцый, гультайства, пыхі, калі згодзіцца з даверам аддаць сваё існаванне ў рукі Уваскросламу Пану.

Якім чынам чалавек можа атрымаць гэтае аздараўленне? Адказ на гэтае пытанне Святы Айцец дае з дапамогаю Евангелля, у якім Езус кажа: «Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак» (пар. Ян 10, 11).

Гэтае сведчанне Езуса пра сябе нельга звесці толькі да нейкага эмацыйнага ўздзеяння, без ніякага канкрэтнага выніку. Езус аздараўляе праз сваё быццё Пастырам, які аддае сваё жыццё. Аддаючы сваё жыццё за нас, Езус кажа кожнаму: «Тваё жыццё настолькі каштоўнае для Мяне, што, каб збавіць яго, Я аддаю ўсяго сябе». Менавіта гэтае ахвяраванне свайго жыцця перш за ўсё робіць Яго добрым Пастырам, Тым, хто аздараўляе, Тым, хто дазваляе нам пражыць прыгожае і плённае жыццё.

Святы Айцец адзначыў, што другая частка гэтага ж евангельскага тэксту кажа пра ўмовы, пры якіх Езус можа аздаравіць чалавека і зрабіць яго жыццё радасным і плённым: «Я — добры Пастыр, — кажа Езус, — і ведаю сваіх авечак, а Мае авечкі ведаюць Мяне, як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца» (пар. Ян 10, 14–15).

Езус гаворыць не пра інтэлектуальныя веды — не, — а пра асабістыя адносіны, пра прыхільнасць, пра ўзаемную пяшчоту, у якіх адлюстроўваюцца самі ўнутраныя адносіны любові паміж Ім і Айцом. Адносіны, праз якія здзяйсняецца жывая сувязь з Езусам, — гэта дазволіць Яму сябе пазнаць. Не закрывацца ў сабе, адкрыцца перад Панам, каб Ён мяне пазнаў. Ён уважлівы да кожнага з нас, да глыбіні ведае нашае сэрца: Ён ведае нашыя цноты і нашыя заганы, намеры, якія мы здзейснілі, і надзеі, у якіх мы расчараваліся.

Але Ён прымае нас такімі, якія мы ёсць, таксама з нашымі грахамі, каб аздаравіць нас, каб прабачыць нам; Ён вядзе нас з любоўю, каб мы маглі прайсці нават непраходнымі сцяжынамі, не згубіўшы жыцця. Ён сам вядзе нас.

Са свайго боку, мы пакліканыя ведаць Езуса. Для гэтага патрэбна сустрэча з Ім; сустрэча, якая выкліча жаданне ісці за Ім, адкінуўшы ўласныя ўяўленні, каб пайсці новымі шляхамі, паказанымі самім Хрыстом і адкрытымі для шырокіх перспектываў. Калі ў нашых супольнасцях астывае жаданне жыць адносінамі з Езусам, слухаць Ягоны голас і верна ісці за Ім, непазбежна возьмуць перавагу іншыя спосабы мыслення і жыцця, нязгодныя з Евангеллем. Няхай Марыя, наша Маці, дапаможа нам сталець ва ўсё мацнейшай сувязі з Езусам. Адкрыцца перад Езусам, каб Ён увайшоў да нас усярэдзіну. Яшчэ больш моцная сувязь: Ён уваскрос. Такім чынам, мы можам ісці за Ім усё жыццё. У гэты Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях няхай праз заступніцтва Панны Марыі будзе шмат тых, хто велікадушна і рашуча адкажа Пану, які кліча пакінуць усё дзеля Яго Валадарства.

Пасля малітвы «Уладарка неба» папа Францішак выказаў сваю заклапочанасць напружанай сітуацыяй у Нікарагуа, дзе ў выніку грамадзянскіх пратэстаў адбыліся сутыкненні, што сталі прычынаю некалькіх ахвяраў. Ён запэўніў народ гэтай краіны ў сваёй салідарнасці ў малітве, каб усе нявырашаныя пытанні вырашаліся мірным шляхам і з пачуццём адказнасці.

Абноўлена 25.04.2018 11:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.