Пошук

23.04.2018 09:59   Паводле: Сэрджо Чэнтафанці / Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

23 красавіка, ва ўспамін святога Юрыя, мучаніка, свае імяніны адзначае папа Францішак — Хорхэ Марыё Бэргольё, а таксама дапаможны біскуп і Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

На хросце будучы Папа атрымаў імя святога, які, паводле паданняў, знішчыў цмока — сімвал сатаны. У гэты дзень віншаванні Пантыфіку ідуць з усяго свету.

Нябесны апякун Святога Айца і ўсіх тых, хто носіць імя Юрый (Георгій) ва ўсіх яго шматлікіх моўных варыянтах, быў афіцэрам у войску рымскага імператара Дыяклецыяна. Юрый прыняў мучаніцкую смерць у 303 г., зносячы страшэнныя катаванні за тое, што не адрокся ад веры ў Хрыста падчас жудасных ганенняў супраць хрысціянаў, развязаных згаданым імператарам. Агульнавядомы іканаграфічны вобраз гэтага святога прадстаўляе, як Юрый, абаронены Крыжам, забівае цмока: сімвал веры, якая перамагае зло.

Вось што гаворыць пра гэта сам імяніннік, папа Францішак:

«Малітва Ойча наш завяршаецца просьбаю: „збаў нас ад злога“. Насамрэч, зло — гэта не штосьці абстрактнае, гэта асоба — сатана».

11 красавіка 2014 г. у гаміліі падчас св. Імшы ў Доме св. Марты Пантыфік сказаў: «Жыццё Хрыста было змаганнем. Ён прыйшоў, каб перамагчы зло, каб перамагчы князя гэтага свету, перамагчы д’ябла». Гэтае змаганне павінен весці кожны хрысціянін. Той, хто жадае ісці за Езусам, павінен «добра ведаць гэтую праўду».

«Мы становімся мішэнню нападаў злога духа, таму што ён не жадае нашай святасці, не жадае хрысціянскага сведчання, не жадае, каб мы былі вучнямі Езуса. І што робіць злы дух для таго, каб аддаліць нас ад Хрыстовага шляху сваёю спакусаю? Спакуса злога духа мае тры ўласцівасці, і мы павінны ведаць іх, каб не трапіць у пастку. Як дзейнічае д’ябал, каб звесці нас са шляху Езуса? Спакуса распачынаецца паступова, але ўзрастае: заўсёды расце. Потым яна расце і заражае іншага, перакідваецца на іншага, намагаецца стаць супольнай. І, нарэшце, каб супакоіць душу, апраўдваецца. Узрастае, заражае і апраўдваецца».

«Магчыма, хтосьці з вас можа сказаць: „Ойча, але ж які вы несучасны: гаворыце пра д’ябла ў ХХІ стагоддзі!“ Але майце на ўвазе: д’ябал існуе! Д’ябал існуе. Таксама і ў ХХІ стагоддзі. Нельга быць наіўнымі. Мы павінны навучыцца з Евангелля, як змагацца з ім».

Слова «д’ябал» паходзіць з грэцкай мовы: διάβολος — «той, хто падзяляе». Сатана хоча адлучыць ад Бога, падзяліць братоў, разбурыць адзінства Касцёла. «Самаразбурэнне ці агонь суперніцтва — гэта найбольш падступны вораг. Гэта зло, што раніць знутры і, як кажа Хрыстус, кожнае валадарства, падзеленае само ў сабе, разбураецца» (Віншаванні Рымскай Курыі, 22 снежня 2014 г.). Д’ябал імкнецца разбурыць Касцёл. Ён вядзе «брудную вайну», і «мы па наіўнасці даем сябе ў гэта ўцягнуць» (св. Імша ў Доме св. Марты, 12 верасня 2016 г.). «Д’ябал намагаецца распачаць унутраную вайну, штосьці накшталт духоўнай грамадзянскай вайны. Гэта вайна, якая вядзецца не з агульнавядомай зброяй: яна вядзецца з дапамогаю языка» (Гамілія Ватыканскай жандармерыі, 28 верасня 2013 г.).

Папа Францішак заклікае:

«Ніколі не будзем паддавацца песімізму, гэтай горычы, якой д’ябал „частуе“ нас кожны дзень; не будзем паддавацца песімізму і расчараванню: будзем мець моцную ўпэўненасць у тым, што Святы Дух дае свайму Касцёлу, дыхаючы ў ім, мужнасць вытрымкі» (Аўдыенцыя кардыналам, 15 сакавіка 2013 г.). «Нашая радасць паходзіць не ад валодання многімі рэчамі, яна нараджаецца ад сустрэчы з Асобай — Езусам, які сярод нас; яна нараджаецца ад упэўненасці ў тым, што разам з ім мы ніколі не бываем адны, таксама і ў цяжкія хвіліны, таксама і тады, калі на шляху нашага жыцця сустракаюцца праблемы і перашкоды, якія здаюцца непераадольнымі, — а іх даволі шмат!

І ў гэты момант прыходзіць вораг, прыходзіць д’ябал, які часта хаваеца пад маскаю анёла, і падступна нашэптвае нам свае словы. Не слухайце яго! Пойдзем за Езусам!» (Гамілія ў Пальмовую нядзелю, 24 сакавіка 2013 г.).

Перамога святога Юрыя над цмокам — гэта сімвал перамогі веры, якая дасягаецца канкрэтнымі спосабамі. Папа паказвае некаторыя з іх, заклікаючы «ўзводзіць не муры, а масты, не адказваць злом на зло, перамагаць зло дабром, крыўду — прабачэннем; хрысціянін ніколі не можа сказаць: „Я за гэта адпомшчу!“ — ніколі, гэта не па-хрысціянску; крыўда перамагаецца прабачэннем, каб жыць у міры з усімі. Гэта і ёсць Касцёл! Гэта — дзеянне хрысціянскай надзеі, калі яна набывае моцныя і адначасова лагодныя рысы любові. Любоў — моцная і лагодная. Прыгожая» (Агульная аўдыенцыя, 8 лютага 2017 г.).

Абноўлена 23.04.2018 14:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа