Пошук


20 красавіка папа Францішак наведаў мясціны, звязаныя з жыццём і служэннем Слугі Божага біскупа Антоніо Бэла, якога за сціплы лад жыцця і блізкасць да людзей вернікі ласкава называлі дон Таніно (дон — накшталт нашага «ксёндз», а Таніно — памяншальная форма ад Антоніо). Гэты візіт адбыўся ў дзень 25-годдзя смерці Слугі Божага.

Падчас гэтага аднадзённага падарожжа Святы Айцец наведаў роднае мястэчка адданага пастыра Алесана, якое знаходзіцца ў італьянскім рэгіёне Апулія, што на поўдні Апенінскага паўвострава, а потым цэлебраваў св. Імшу ў Мальфеце, дзе знаходзілася біскупская рэзідэнцыя Антоніо Бэла.

Пасля прыбыцця ў Алесана, куды Папа дабіраўся спярша на самалёце да бліжэйшага аэрапорту, а потым — на верталёце, ён перадусім скіраваўся на могілкі, каб памаліцца на месцы пахавання дона Таніно. Гледзячы на простую пліту, якая ляжыць на магіле адданага пастыра, Пантыфік заўважыў, што нават яго пахаванне «не ўзносіцца манументальна ўгару, але ўкаранёнае ў зямлі». Пасля асабістай малітвы ён сустрэўся са сваякамі Слугі Божага.

З могілак Святы Айцец скіраваўся на бліжэйшую плошчу, дзе яго чакалі каля 20 тыс. жыхароў мясцовасці. Прывітальнае слова да Папы скіраваў біскуп Віто Анджулі, ардынарый дыяцэзіі Уджэнта-Санта-Марыя-дзі-Леўка. Іерарх падкрэсліў актуальнасць сведчання, якое пакінуў біскуп Бэла і выказаў надзею, што хутка ён будзе ўзнесены да хвалы алтароў. Біскуп Анджулі таксама звярнуў увагу на некаторыя сацыяльныя праблемы рэгіёна, у прыватнасці, звязаныя з экалагічнымі крызісам і беспрацоўем.

Звяртаючыся да прысутных, Папа заклікаў іх быць уважлівымі да бедных і будаваць Касцёл, які сведчыць, што Бог — гэта адзінае сапраўднае дабро. Пры гэтым ён падкрэсліў, што для біскупа Бэла, разуменне бедных было сапраўдным багаццем.

«Касцёл, які клапоціцца пра бедных, заўсёды застаецца настроеным на Божы канал, ніколі не губляе хвалі Евангелля і адчувае абавязак вяртацца да сутнасна важнага, каб паслядоўна вызнаваць, што Пан — гэта адзінае сапраўднае дабро», — сказаў Пантыфік.

Указваючы на прыклад Слугі Божага, Святы Айцец падкрэсліў, што блізкасць да бедных павінна выражацца не ў тэорыі, а ў канкрэтных дзеяннях.

«Яго не турбавалі просьбы, але раніла абыякавасць. Ён не баяўся недахопу грошай, але перажываў з-за нестабільнай сітуацыі з працай. Ён не губляў нагоды, каб сцвердзіць, што на першым месцы знаходзіцца працаўнік са сваёй годнасцю, а не прыбытак са сваёй прагнасцю», — сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што біскуп Антоніо Бэла ніколі «не стаяў са складзенымі рукамі».

«Ён дзейнічаў на мясцовым узроўні, каб сеяць мір на глабальным, з перакананасцю, што лепшы спосаб для прафілактыкі насілля і ўсялякіх войнаў — гэта клопат пра патрабуючых і спрыянне справядлівасці.

Сапраўды, калі вайна нараджае беднасць, таксама і беднасць нараджае войны», — адзначыў Святы Айцец.

Папа Францішак звярнуў увагу на тое, што Апулія з’яўляецца паўднёвым рэгіёнам Італіі, які, нібы вакно, адчыняецца ў бок той часткі свету, «дзе бедных становіцца ўсё больш, у той час, як багатыя становяцца яшчэ багацейшымі і ўсё больш нешматлікімі». Папа пажадаў, каб Міжземнаморскі рэгіён быў гасцінным і мірным месцам.

Пасля кароткай малітвы з жыхарамі Алесана і ўдзялення ім благаслаўлення, Святы Айцец на верталёце накіраваўся ў горад Мальфету, каб узначаліць там св. Імшу з мясцовымі вернікамі. Падчас цэлебрацыі Пантыфік заклікаў да належнага перажывання Эўхарыстыі, каб станавіцца крыніцай надзеі, радасці і міра.

У гаміліі папа Францішак засяродзіўся над сэнсам Эўхарыстыі. Ён падкрэсліў, што гаворка ідзе не аб прыгожым абрадзе, але аб самай глыбокай, самай канкрэтнай, самай уражваючай камуніі з Богам, якую можна сабе ўявіць. Гэтая камунія любові настолькі рэальная, што набывае форму пасілку, дадаў ён.

«Хрысціянскае жыццё пачынаецца адсюль, з гэтай вячэры, на якой Бог нас насычае любоўю. Без Яго — Хлеба жыцця — усе намаганні ў Касцёле дарэмныя», — сцвердзіў Наступнік Пятра.

Эўхарыстыя дазваляе нам «жыць ужо не для сябе, але для іншых”. Так, паводле Папы, жыў біскуп Бэла. «Ён марыў аб Касцёле, які прагне Езуса і не зносіць марнасці», — нагадаў Святы Айцец.

Ён заўважыў, што Эўхарыстыя з’яўляецца таксама «Хлебам супакою», паколькі мы спажываем яе разам з іншымі людзьмі. «Падзяляючы гэты Хлеб адзінства і супакою, мы пакліканыя любіць кожную асобу, пераадольваць усе падзелы, заўсёды і паўсюль быць будаўнікамі міра», — адзначыў ён.

Святы Айцец падкрэсліў, што з Эўхарыстыяй блізка злучана Божае слова, якое заклікае да перамены жыцця. Хрыстус жадае ад людзей не дыскусій і разважанняў над Ягонымі словамі, але сапраўднага навяртання, сказаў Папа і, спасылаючыся на словы дона Таніно, заклікаў вернікаў нарэшце перайсці ад размоваў да канкрэтных справаў. Пасля сустрэчы з Уваскрослым нельга чакаць, нельга адкладаць на доўгі час: трэба ісці, выходзіць, нягледзячы на ўсе праблемы і няўпэўнанасці.

«Мы ўсе пакліканыя, у той сітуацыі, у якой знаходзімся, быць носьбітамі пасхальнай радасці, „кур’ерамі надзеі“ <…> быць простымі і радаснымі пасланцамі велікоднага Аллелюя», — сказаў Святы Айцец.

Ён звярнуў увагу на важнае значэнне, якое на шляху апостала Паўла мела паслухмянасць Богу і пакора. «Божае слова вызваляе, уздымае, чыніць так, каб мы ішлі наперад, адначасова пакорныя і мужныя», — зазначыў Пантыфік і заклікаў вернікаў з дапамогай Божага слова імкнуцца быць пераканаўчымі свекамі Езуса ў свеце.

«На кожнай св. Імшы мы насычаемся Хлебам жыцця і Словам, якое збаўляе: будзем жа жыць тым, што цэлебруем! Такім чынам, падобна як дон Таніно, будзем крыніцай надзеі, радасці і міра!”, — сказаў папа Францішак на заканчэнне гаміліі.

Абноўлена 20.04.2018 16:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа