Дзве новыя цікавыя ініцыятывы прапануюць наведвальнікам Ватыканскія музеі. Першая з іх — незвычайныя экскурсіі, якія пачынаюцца ў шэсць гадзін раніцы, яшчэ да адкрыцця комплексу, і завяршаюцца сняданкам, другая — «Ночы мастацтва» (Notturni d’arte).
Ранішняе наведванне дасць магчымасць паназіраць за працэсам падрыхтоўкі да адкрыцця музеяў: можна будзе ўбачыць, як адчыняюцца выставачныя залы, уключаецца ілюмінацыя, у тым ліку ў Сікстынскай капэле. Для ўдзелу ў гэтай адзінай у сваім родзе спецыяльнай экскурсіі, якая пройдзе ў невялікай групе, трэба даслаць запыт па электроннай пошце (visitespeciali.musei@scv.va) або патэлефанаваць (+ 39 06 69881435). Пасля яе завяршэння ўдзельнікі паснедаюць у кафэ-бістро, размешчаным на тэрыторыі музейнага комплексу.
Ужо цяпер можна ўбачыць відэапрэзентацыю экскурсіі пад назвай «Добрай раніцы, Ватыканскія музеі» (Good Morning Vatican Museums).
«Ночы мастацтва» — ініцыятыва не новая. Яна праходзіць ужо некалькі гадоў з красавіка па кастрычнік у кожную пятніцу. Як гаворыцца ў спецыяльным паведамленні, у гэты перыяд Музеі «падвояць» сваю культурную праграму. У кожную з 27-і пятніц, з 20 красавіка па 26 кастрычніка 2018 г., будуць праходзіць адмысловыя канцэрты. У гэтыя дні Музеі будуць адчынены пасля афіцыйных гадзін працы, з сямі гадзін вечара амаль да паўночы.
Білеты на «Ночы мастацтва» можна замовіць выключна онлайн на старонцы Ватыканскіх музеяў.