8 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці, на заканчэнне ўрачыстай цэлебрацыі на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане Святы Айцец павіншаваў вернікаў Усходніх Цэркваў з Вялікаднем і заклікаў да міру ў Сірыі.
«Нашым братам і сёстрам з Усходніх Цэркваў, якія сёння святкуюць урачыстасць Пасхі паводле Юліянскага календара, я выказваю самыя сардэчныя віншаванні. Няхай Уваскрослы Пан напоўніць іх святлом і супакоем і ўмацуе супольнасці, якія перажываюць найбольшыя цяжкасці».
Сваё асаблівае прывітанне Пантыфік скіраваў таксама прысутным на ўрачыстай цэлебрацыі прадстаўнікам цыганскіх народнасцяў з нагоды іх Міжнароднага дня Romanò Dives. Святы Айцец пажадаў міру і братэрства ўсім, хто належыць да гэтых старажытных народаў, выказаўшы спадзяванне, што гэты Міжнародны дзень паспрыяе развіццю культуры сустрэчы і добрай волі ва ўзаемным пазнанні і ўзаемапавазе.
У прыватнасці, Папа сказаў: «Толькі такі шлях вядзе да сапраўднай інтэграцыі.
Дарагія прадстаўнікі цыганскіх народнасцяў, маліцеся за мяне і памолімся разам за вашых братоў, сірыйскіх бежанцаў».
Пасля традыцыйнай велікоднай малітвы аб заступніцтве Маці Божай «Уладарка неба» папа Францішак скіраваў свой заклапочаны пастырскі позірк у бок Сірыі, адкуль прыходзяць паведамленні пра дзясяткі ахвяраў, сярод якіх шмат дзяцей, у выніку абвастрэння ў гэтай краіне баявых дзеянняў і ўжывання хімічных паражальных элементаў. Святы Айцец заклікаў да малітвы за ўсіх загінулых, за параненых, за сем’і, якія пакутуюць у зоне канфлікту.
«Няма вайны добрай або дрэннай, і нішто, нішто не можа апраўдаць ужыванне такіх знішчальных сродкаў супраць бяззбройных людзей і народаў.
Памолімся аб тым, каб адказныя палітыкі і вайскоўцы абралі іншы шлях, шлях перамоваў — адзіны, які можа прывесці да міру, што не будзе несці смерці і разбурэння», — падкрэсліў папа Францішак.