25 сакавіка, калі Касцёл у Пальмовую нядзелю ўспамінаў уваход Езуса Хрыста ў Ерузалем, папа Францішак узначаліў урачыстую святую Імшу на плошчы Святога Пятра, запоўненай вялікім натоўпам вернікаў, сярод якіх было асабліва шмат моладзі, сабранай з нагоды 33-га Сусветнага дня моладзі на дыяцэзіяльным узроўні.
Супярэчнасці сучаснага чалавека
Распачаўшы сваю гамілію з уваходу Езуса ў Ерузалем, Святы Айцец, які ў гэты дзень быў апрануты ў літургічнае адзенне, падараванае бежанцамі з Пакістана, запрасіў вернікаў паразважаць над літургіяй Пальмовай нядзелі, якая спалучае ў сабе «радасць і святкаванне» з «горыччу і болем» блізкай Мукі Пана. Менавіта ў гэтым праяўляюцца «пачуцці і супярэчнасці», якія часта ўласцівыя «мужчынам і жанчынам нашага часу».
«Здольныя моцна любіць… і ненавідзець — таксама моцна; здольныя на каштоўныя ахвяры, а таксама здольныя „ўмыць рукі“ ў патрэбны момант; здольныя на вернасць, а таксама на вялікае адступленне і здраду.
І ва ўсім евангельскім аповедзе ясна відаць, што радасць, выкліканая Езусам, для некаторых становіцца прычынаю раздражнення і злосці».
Радасць, выкліканая Езусам, раздражняе
Папа адзначыў, што людзі, якія радуюцца Езусу, — гэта тыя, хто адшукаў у Ім давер, годнасць, прабачэнне, надзею; хто адчуў Ягонае спачуванне і таму можа крычаць: «Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана». Але так рэагуюць не ўсе.
«Гэтая радасць воклічаў „Гасанна!“ аказваецца непрыемнай і становіцца абсурднай і спакуслівай для тых, якія лічаць сябе справядлівымі, „вернымі“ закону і рытуальным прадпісанням.
Радасць, нязносная для тых, хто зрабіўся нячулым да болю, пакутаў і галечы. Але многія з іх думаюць: „Глядзі ты, які цёмны народ!“ Недапушчальная радасць для тых, хто згубіў памяць і забыўся пра безліч атрыманых магчымасцяў. Як цяжка зразумець радасць і святочны настрой Божай міласэрнасці таму, хто імкнецца апраўдаць сябе і прыстасавацца! Як цяжка падзяліць гэтую радасць таму, хто верыць толькі ва ўласныя сілы і лічыць сябе лепшым за іншых».
Самадастатковасць і пыха забіваюць мары і спачуванне
Святы Айцец сцвярджае, што з гэтага ўзнікае крык: «Укрыжуй Яго!» Ён узнікае не спантанна, а «падстроены пагардай, абгаворам, фальшывымі сведчаннямі». Гэта голас таго, хто маніпулюе і скажае рэальнасць, хто заціскае іншых, каб мець з гэтага выгоду, каб умацавацца самому і прымусіць змоўкнуць нязгодныя галасы. «Укрыжуй Яго!» — гэта крык, «арганізаваны з дапамогаю інтрыгаў самадастатковасці, ганарыстасці і пыхі».
«Такім чынам у рэшце рэшт заглушаецца весялосць народа, разбураецца надзея, забіваюцца мары, знікае радасць; так нарэшце замуроўваецца сэрца, астывае любоў.
Гэта крык „уратуй сябе сам“, які жадае ўсыпіць салідарнасць, патушыць ідэалы, зрабіць нячулым позірк… Крык, які жадае знішчыць суперажыванне. Гэтае „перажыванне з кімсьці“ — суперажыванне, якое з’яўляецца слабасцю Бога».
Пачуць голас укрыжаванага Хрыста
Адзіны паратунак ад усіх гэтых нялюдскіх галасоў, пра які на пачатку Вялікага тыдня гаворыць Святы Айцец, — гэта «глядзець на крыж Хрыста» і пачуць Яго «апошні крык»: крык любові да ўсіх нас, «святых і грэшных, маладых і старых»; той збаўчы крык, «каб ніхто не згасіў радасці Евангелля», каб ніхто не застаўся ў баку ад міласэрнасці Айца:
«Глядзець на крыж азначае дазволіць паўплываць на нашы прыярытэты, выбары і справы.
Гэта азначае задаць пытанне пра нашу адчувальнасць да тых, хто сутыкаецца з цяжкасцямі або перажывае складаны момант. Браты і сёстры, што бачыць нашае сэрца? Ці Езус застаецца прычынаю радасці і праслаўлення ў нашым сэрцы або мы, наадварот, саромеемся Яго прыхільнасці ў адносінах да грэшнікаў, прыніжаных і забытых?»
Моладзі нельга паддацца маўчанню, навязанаму сапсаваным светам
Заключную частку сваёй гаміліі папа Францішак адрасаваў перадусім моладзі. Ён падкрэсліў, што гэта хрысціянская радасць маладых людзей выклікае раздражненне, таму што не дае імі маніпуляваць. Вось чаму свет часта па-рознаму імкнецца прымусіць маладых змоўкнуць, ачмураючы і выдаляючы іх, каб яны не шумелі, каб іх мары сталі «банальнымі фантазіямі, убогімі і сумнымі». З гэтага вынікае моцны заклік Святога Айца, адрасаваны менавіта моладзі, і ў ім рэхам гучаць словы самога Хрыста:
«Дарагая моладзь, майце адвагу крычаць, адважцеся ўсклікаць „Гасанна!“ ў нядзелю, каб не скаціцца да „Укрыжуй Яго!“ ў пятніцу… Вашае заданне — не маўчаць.
Калі іншыя нічога не гавораць, калі мы, дарослыя і адказныя, часта сапсаваныя, маўчым, калі свет маўчыць і губляе радасць, я пытаюся ў вас: вы будзеце крычаць? Калі ласка, калі ласка, адважцеся, пакуль не закрычалі камяні».
На заканчэнне цэлебрацыі, перад малітвай «Анёл Панскі», папа Францішак сказаў:
«Сённяшні Сусветны дзень моладзі, які праходзіць на дыяцэзіяльным узроўні, — гэта важны этап на шляху да Сіноду Біскупаў, прысвечанаму моладзі, веры і распазнанню паклікання <…>, а таксама ў падрыхтоўцы да Дзён моладзі, што пройдуць у Панаме ў студзені 2019 г. Няхай на гэтай дарозе нас суправаджае прыклад і заступніцтва Марыі — маладой дзяўчыны з Назарэта, якую Бог абраў Маці свайго Сына. Яна ідзе разам з намі і вядзе новыя пакаленні ў іх пілігрымцы веры і братэрства.
Няхай Марыя дапаможа ўсім нам добра перажыць Вялікі тыдзень. Павучымся ў Яе захоўваць унутраную цішыню, углядацца ў сэрца, верыць з любоўю, каб ісці за Езусам па крыжовым шляху, які вядзе да радаснага святла Уваскрасення».