Пошук

18.03.2018 22:28   Паводле: Libreria Editrice Vaticana / Фота: ANSA / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

18 сакавіка падчас нядзельнай малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра ў Рыме Святы Айцец засяродзіўся на сузіранні ранаў Хрыста, дзякуючы якому вернікі пазнаюць Яго любоў і ахвяру і самі становяцца здольнымі на самаахвяраванне.

Евангелле Пятай нядзелі Вялікага посту (пар. Ян 12, 20–33) апавядае пра тое, што адбывалася ў апошнія дні жыцця Езуса, які прыйшоў у Ерузалем на свята Пасхі. Туды ж прыбылі таксама некаторыя грэкі, якія, пачуўшы пра вялікага прарока, звяртаюцца да Філіпа, аднаго з дванаццаці апосталаў, з просьбай: «Мы хочам бачыць Езуса».

Ян падкрэслівае гэты сказ, дзе галоўнае слова — «бачыць», якое ў слоўніку гэтага евангеліста азначае пайсці далей за знешні выгляд і спасцігнуць таямніцу асобы. Дзеяслоў, які ўжывае Ян — «бачыць» — азначае дайсці ажно да сэрца, дайсці з дапамогаю зроку, зразумець ажно да глыбіні асобы, прасякнуць унутр.

Рэакцыя Езуса выклікае здзіўленне: Ён не кажа «так», ані «не», а гаворыць: «Настала гадзіна ўславіцца Сыну Чалавечаму». Гэтыя словы, у якіх, як здаецца на першы погляд, ігнаруецца просьба грэкаў, насамрэч з’яўляюцца сапраўдным адказам, таму што той, хто жадае пазнаць Езуса, павінен углядацца ў крыж, на якім аб’яўляецца Яго хвала.

Сённяшняе Евангелле запрашае нас скіраваць свой позірк на ўкрыжаванне, якое з’яўляецца не элементам аздобы ці знешнім упрыгожаннем — якім часта злоўжываюць! — а рэлігійным сімвалам, які трэба сузіраць і разумець.

Папа Францішак асабліва падкрэслівае, што ў вобразе ўкрыжаванага Хрыста адкрываецца таямніца смерці Сына як найвышэйшы ўчынак любові, крыніца жыцця і збаўлення для чалавецтва на ўсе часы.

Я магу задумацца: «Як я гляджу на ўкрыжаванне? Як на мастацкі твор, каб убачыць, прыгожы ён ці не? Ці ўглядаюся ў яго, ці ўваходжу ў раны Езуса, ажно да Яго сэрца? Ці гляджу на таямніцу Бога, знішчанага ажно да смерці, як нявольніка, як злачынцу?» Не забывайцеся пра гэта: глядзець на ўкрыжаванне, але ўглядацца ўнутр.

Святы Айцец заахвочвае маліцца «Ойча наш» у памяць пра кожную з пяці ранаў Хрыста: молячыся такім чынам, вернікі праз раны Езуса трапляюць як быццам унутр, у Яго сэрца, у якім спазнаюць вялікую мудрасць таямніцы Хрыста, вялікую таямніцу крыжа.

Пантыфік звяртае ўвагу на тое, што Збаўца, каб растлумачыць сэнс сваёй смерці і ўваскрасення, выкарыстоўвае вобраз: «Калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён». Ён жадае даць зразумець, што самае выключнае ў Ягоным жыцці — а менавіта крыж, смерць і ўваскрасенне — гэта акт плоднасці. Ён параўноўвае сябе з зернем пшаніцы, якое, раскладаючыся ў глебе, нараджае новае жыццё. Прыняўшы цела, Езус прыйшоў на зямлю, але гэтага недастаткова: Ён павінен таксама памерці, каб адкупіць людзей з няволі граху і даць ім новае жыццё, паяднанае ў любові.

Я сказаў «каб адкупіць людзей», але меў на ўвазе, каб адкупіць мяне, цябе, усіх нас, кожнага з нас, Ён заплаціў гэтую цану. Гэта і ёсць таямніца Хрыста. Ідзі да Ягоных ранаў, уваходзь, сузірай; углядайся ў Езуса, але знутры.

Робячы выснову сваіх разважанняў, папа Францішак заклікае вернікаў, каб, натхнёныя прыкладам Хрыста, яны менш думалі пра саміх сябе, пра свае асабістыя інтарэсы і ўмелі бачыць і выходзіць насустрач патрэбам бліжніх, асабліва самых апошніх. Святы Айцец звяртае ўвагу, што з радасцю рабіць учынкі міласэрнасці ў адносінах да тых, хто пакутуе целам і душою — гэта самы адпаведны спосаб жыць Евангеллем.

Увайдзі ў Яго раны і сузірай любоў Ягонага сэрца да цябе, да мяне, да ўсіх. Дзева Марыя, якая заўсёды сэрцам углядалася ў свайго Сына — з Бэтлеемскіх ясляў ажно да крыжа на Кальварыі, — няхай дапаможа нам сустрэцца з Ім і пазнаць Яго так, як Ён гэтага хоча, каб мы маглі жыць у Ягоным святле і несці ў свет плён справядлівасці і міру.

Пасля малітвы папа Францішак, які напярэдадні наведаў П’етрэльчыну і Сан-Джаванні-Ратонда, выказаў падзяку супольнасцям дыяцэзій Бенвента і Манфрэдоніі і іх біскупам, а таксама кансэкраваным асобам, вернікам і ўладам.

«Дзякую за цёплы прыём і ўсіх захоўваю ў сэрцы, а асабліва хворых з Дома палёгкі ў пакутах, старэйшых і маладых. Дзякую тым, хто падрыхтаваў гэты візіт, сапраўды незабыўны. Няха айцец Піо благаславіць усіх», — сказаў на заканчэнне Святы Айцец.

Абноўлена 19.03.2018 22:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця