Пошук

13.03.2018 09:42   Паводле: Серджо Чэнтафанці – Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

Пяць гадоў таму, 13 сакавіка 2013 г., на Пасад св. Пятра быў абраны аргентынскі кардынал італьянскага паходжання Хорхе Марыё Берголіа, які абраў сабе імя Францішак.

Статыстыка пантыфікату

За гэты час выйшлі дзве энцыклікі: Lumen fidei (Святло веры), прысвечаная веры, якая з’яўляецца працягам таго, што напісаў папа Бэнэдыкт XVI, і Laudato si’ (Будзь праслаўлены), прысвечаная клопату пра супольны дом і ахову стварэння, але не так, як гэта бачаць «зялёныя», а як пакліканы гэта рабіць хрысціяне.

З’явіліся таксама дзве Апостальскія адгартацыі: Evangelii gaudium (Радасць Евангелля) — своеасаблівая «праграма» пантыфікату Францішка, які жадае бачыць Касцёл актыўным і місіянерскім, а таксама Amoris laetitia (Радасць любові), прысвечаная любові ў сям’і.

Папа Францішак абнародаваў 23 дакументы ў форме Motu proprio (з уласнай ініцыятывы), якія датычыліся рэформы Рымскай курыі, эканамічнага кіравання і празрыстасці, рэформы працэсу прызнання несапраўднасці сужэнства, перакладу літургічных тэкстаў, большай дэцэнтралізацыі і пашырэння паўнамоцтваў канферэнцый біскупаў.

Ён таксама правёў два Сіноды Біскупаў на тэму сям’і, абвясціў Юбілей Міласэрнасці, здзейсніў 22 замежных падарожжы, наведаўшы пры гэтым 30 краінаў, а таксама 17 пастырскіх візітаў па Італіі.

Ім былі прамоўлены восем цыклаў катэхез на агульных аўдыенцыях па серадах на тэмы вызнання веры, сакрамэнтаў, дароў Святога Духа, Касцёла, сям’і, міласэрнасці, хрысціянскай надзеі і святой Імшы; амаль 600 гамілій экспромтам падчас Імшаў у Доме св. Марты.

Папа мае больш за 46 млн падпісчыкаў у Твітары і больш за 5 млн у Інстаграме. Акрамя таго, немагчыма палічыць усе яго прамовы, пасланні і лісты, а таксама ўсіх тых мужчын, жанчын і дзяцей ва ўсім свеце, з якімі ён сустракаўся і якіх туліў да сябе.

Адметнасці пантыфікату

Першы Папа-езуіт, першы прадстаўнік амерыканскага кантынента, першы, які выбраў сабе імя асізскага бедняка Францішка, 265-ы наступнік св. Пятра жадае бачыць Касцёл з адчыненымі дзвярыма, які кожнаму чалавеку абвяшчае радасць і свежасць Евангелля.

Касцёл, у якім ёсць месца для кожнага чалавека з яго нялёгкім жыццём; Касцёл, які не ператвараецца ў мытню, што кантралюе ласку замест таго, каб яе прапускаць.

Папа Францішак заклікае даць сябе здзівіць Святому Духу, сапраўднаму Правадыру Касцёла, які не перастае прамаўляць і казаць новыя рэчы.

Больш «надзейна» лічыць, што праўда ў тым, каб мець прыгожа аформлены пакунак з дактрынамі, якім можна добра распараджацца, чым самім належаць праўдзе: Святы Дух вядзе да поўнай праўды. Хрысціянам належыць даведацца яшчэ шмат новага, бо Дух працягвае прамаўляць у Касцёле.

Гэты Святы Айцец развівае культуру дыялогу у экуменічным, міжрэлігійным вымярэнні, у грамадска-палітычных адносінах і на звычайным чалавечым узроўні. Ён імкнецца да адзінства без аднастайнасці, з захаваннем адрозненняў і тоеснасці.

Ён адыграў заўважную ролю ў пацяпленні адносінаў паміж Злучанымі Штатамі і Кубай, у мірным урэгуляванні ў Калумбіі і ў Цэнтральнаафрыканскай рэспубліцы, а 12 лютага 2016 г. у Гаване адбылася першая ў гісторыі сустрэча Папы Рымскага з Маскоўскім Патрыярхам.

У той жа час ён рашуча асуджае пераслед хрысціянаў, выступае супраць усіх формаў выкарыстання чалавека чалавекам, якія называе сучаснымі формамі рабаўладання.

Цэнтральным словам у пантыфікаце папы Францішка з’яўляецца «міласэрнасць». Бог бязмежна любіць кожнае са сваіх стварэнняў, і ёсць толькі адна мяжа: сапсаванасць.

Сапсаваны той, хто не ўмее быць міласэрным, хто адкідае Божую міласэрнасць.

Бог не навязвае сябе: застаецца Апошні Суд. Пасля заканчэння зямнога жыцця адбудзецца суд адносна любові. У сувязі з гэтым Папа часта цытуе 25-ы раздзел з Евангелля паводле Мацвея: «Я быў галодны, і вы далі Мне есці…»

Папа Францішак непрыхільна ставіцца да праяваў клерыкалізму, таму што пастыр павінен служыць і «пахнуць сваімі авечкамі». Ён лічыць, што вернікам варта ўсё больш адкрываць сваю ролю ў Касцёле і не быць у баку ад прыняцця рашэнняў: мінуў час «біскупаў-правадыроў».

Святы Айцец падкрэслівае важнасць ролі жанчыны, але перадусім у святле яе вышэйшага прызначэння, а не функцый. Гаворка не ідзе пра змаганне за ўладу або выкананне такіх немагчымых заданняў, як святарства.

Важна зразумець сапраўднае значэнне жанчыны і яе значнасць, таму што Марыя — вышэй за апосталаў. Пантыфік заклікае таксама моладзь быць больш актыўнай і сваімі творчымі ініцыятывамі «варушыць» пастыраў.

Жыццёвае і пастырскае «крэда» папы Францішка добра адлюстроўваюць ягоныя ўласныя словы: «Калі мне ўдасца дапамагчы хоць аднаму чалавеку жыць лепш, гэтага ўжо дастаткова, каб апраўдаць дар майго жыцця».

Абноўлена 13.03.2018 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа