«Пасланне Amoris lætitia. Братняя дыскусія» — гэта назва кнігі былога старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынала Вальтэра Каспера, прысвечаная паслясінадальнай адгартацыі папы Францішка на тэму сям’і, з разуменнем якой часам узнікалі цяжкасці. Прэзентацыя выдання прайшла 6 лютага.
Вальтэр Каспер, які ў 2009 г. наведаў Беларусь, з’яўляецца аўтарам шэрагу кніг і шматлікіх тэалагічных прац. Прэзентацыя кнігі, у якой нямецкі кардынал дзеліцца сваім асабістым разважаннем над абнародаванай два гады таму адгартацыяй Amoris lætitia (Радасць любові), адбылася ў сядзібе Ватыканскага радыё Palazzo Pio. У ёй узялі ўдзел старшыня Папскай рады па справах сям’і арцыбіскуп Вінчэнцо Палья, а таксама Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал П’етро Паралін, які прысутнічаў сярод публікі.
Напярэдадні прэзентацыі кардынал Каспер, які ў гэты дзень адзначыў сваё 85-годдзе, даў інтэрв’ю карэспандэнту агенцтва Vatican News. У ім тэолаг засяродзіўся на дыскусіях, выкліканых паслясінадальнай Апостальскай адгартацыяй папы Францішка на тэму сям’і Amoris lætitia, а таксама на плёне, які гэты дакумент можа прынесці сем’ям.
— Ваша Эмінэнцыя, напачатку сваёй кнігі вы падкрэслілі, што Amoris lætitia — гэта не новае веравучэнне, а творчае пераасэнсаванне традыцыі. Як вы можаце гэта растлумачыць?
— Традыцыя — гэта не стаячая вада, а штосьці накшталт крыніцы, патоку: яна жывая.
Касцёл з’яўляецца жывым арганізмам, і з такога пункту гледжання неабходна інтэрпрэтаваць заўсёды актуальную каталіцкую традыцыю ў сучаснай сітуацыі.
У гэтымі і заключаецца сэнс аднаўлення (aggiornamento), пра якое казаў папа Ян ХХІІІ.
— Падзагаловак вашай кнігі — «Братняя дыскусія». Вы таксама пішаце, што не трэба баяцца дыскусій, і дадаеце, што «няма месца для абвінавачванняў у ерасі». Што вас найбольш закранула ў тым гарачым абмеркаванні, якое распачалося пасля публікацыі гэтага дакумента?
— Перадусім я хацеў бы сказаць, што абмеркаванні неабходныя ў Касцёле і іх не трэба баяцца. Але цяпер гэтае абмеркаванне было занадта рэзкім, занадта жорсткім, з абвінавачваннямі ў ерасі. Ерась — гэта рашучае адмаўленне сфармуляванага догмату веры.
Веравучэнне адносна непарыўнасці сужэнства папа Францішак не ставіць пад пытанне!
Перш, чым казаць пра ерась, варта было б запытацца, як чалавек разумее сваё сцвярджэнне. І перадусім варта было б лічыць, што чалавек з’яўляецца католікам, а не наадварот.
— Менавіта гаворачы пра спрэчны «351-ы пункт» адгартацыі Amoris lætitia адносна допуску да сакрамэнтаў разведзеных, якія жывуць у іншым шлюбе, вы пішаце, што гэты пункт трэба разумець у святле дэкрэта Трыдэнцкага Сабору пра Эўхарыстыю. Што маецца на ўвазе?
— Трыдэнцкі Сабор кажа, што ў выпадку, калі няма цяжкага граху, а гаворка ідзе пра т.зв. «лёгкі» (venialis) грэх, Эўхарыстыя здымае такі грэх. Грэх — гэта складаны тэрмін. Ён уключае не толькі аб’ектыўнае прадпісанне, але таксама намер, сумленне асобы, таму неабходна гэта ацэньваць in foro interno — у сакрамэнце пакаяння (споведзі), — ці сапраўды ёсць цяжкі грэх або, магчыма, «лёгкі» (venialis) грэх ці наогул ніякага. Калі ёсць толькі «лёгкі» (venialis) грэх, чалавек можа атрымаць яго адпушчэнне і быць дапушчаным да сакрамэнту Эўхарыстыі. Гэта адпавядае вучэнню папы Яна Паўла ІІ, і ў гэтым сэнсе папа Францішак працягвае рухацца ў рэчышчы, пракладзеным ягоным папярэднікам. Таму я не бачу падставаў для таго, каб лічыць гэта ерассю.
— Якую дапамогу, на вашу думку, адгартацыя Amoris lætitia дае сённяшнім сем’ям? Як гэты дакумент можа «ўвайсці» ў штодзённае жыццё сем’яў?
— Я ведаю некаторыя парафіі, таксама і тут, у Рыме, у якіх праводзяцца сустрэчы сужэнцаў або нарачоных, якія рыхтуюцца да сужэнства, і на іх чытаюцца вытрымкі з гэтай Апостальскай адгартацыі.
Мова гэтага дакумента настолькі ясная, што кожны хрысціянін можа яе зразумець. Гэта не «высокая тэалогія», незразумелая для звычайных людзей.
Божы народ вельмі задаволены, радуецца гэтаму дакументу, таму што ён дае прастору свабодзе, а таксама перадае сутнасць хрысціянскага паслання на зразумелай мове. Таму Божы народ яго разумее. У Папы выдатная сувязь з Божым народам!
— Як вядома, падчас сваёй першай малітвы «Анёл Панскі» пасля абрання Папам, Францішак цытаваў сваю кнігу, якая называецца «Міласэрнасць». Чаму, на вашу думку, міласэрнасць настолькі важная для гэтага пантыфікату, таксама ў тым, што датычыцца сферы сям’і?
— Сёння мы перажываем часы нябачанага дагэтуль у свеце насілля. Ёсць шмат параненых людзей. Таксама і ў сужэнстве шмат ранаў.
Людзям неабходна міласэрнасць, спачуванне, спагада Касцёла ў гэтыя цяжкія часы, якія мы сёння перажываем.
Я лічу, што міласэрнасць — гэта адказ на знакі нашага часу.