Пошук


5 сакавіка папа Францішак прыняў на аўдыенцыі канцлера Аўстрыі Себасцьяна Курца. Як паведаміла прэс-служба, увага была звернута на розныя актуальныя міжнародныя пытанні: міру, ядзернага раззбраення і міграцыі.

Пасля сустрэч Курц паведаміў журналістам, што знаходзіцца пад уражаннем ад размовы з Папам. Сярод тэмаў гутаркі была таксама сітуацыя ва Украіне і Сірыі. Папа Францішак са свайго боку падзяліўся сваім бачаннем змен у Касцёле. Важнай тэмай сталі сумесныя намагання Аўстрыі і Святога Пасаду ў галіне ядзернага раззбраення.

Сустрэча ў Апостальскім палацы доўжылася каля 35 хвілін. Акрамя Папы палітык правёў размову з Дзяржсакратаром кардыналам П’етро Паралінам і сакратаром Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам.

Быў узгаданы ўклад краіны ў рамках Еўрапейскага саюза і неабходнасць салідарнасці паміж народамі.

Падчас перамоў былі адзначаны добрыя двухбаковыя адносіны і плённае супрацоўніцтва, якое існуе паміж Святым Пасадам і Аўстрыяй, падкрэсліваючы важнасць абароны жыцця і сям’і і садзейнічанне агульнаму дабру грамадства, асабліва ў дачыненні да самых уразлівых слаёў насельніцтва.

Гэта быў першы афіцыйны візіт новага кіраўніка аўстрыйскага ўраду ў Ватыкан, першага пасля многіх гадоў практыкуючага католіка на пасадзе канцлера. У красавіку 2015 г., яшчэ як міністр замежных спраў, Курц прымаў удзел у агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра.

31-гадовы Курц, які кіруе ўрадам Аўстрыі з 18 снежня 2016 г. — самы малады палітычны лідар у свеце, глыбока веруючы, практыкуючы католік.

Выконваючы важныя палітычныя функцыі, ён ніколі не хаваў сваёй веры. Папулярны палітык амаль кожны год удзельнічае ў працэсіі Божага Цела ў Вене. СМІ таксама паведамлялі аб яго ўдзеле ў Маршы за Езуса, арганізаваным у 2016 г. у аўстрыйскай сталіцы.

У адрозненне ад свайго сацыялістычнага суперніка, былога канцлера Хрысціяна Керна, ён дэманстратыўна адмовіўся ўдзельнічаць у «парадзе роўнасці».

Важнай тэмай для Курца заўсёды была праблема пераследу хрысціян. Ён перакананы ў тым, што паслядоўнікі Хрыста з’яўляюцца групай, якая падвяргаецца найбольшаму пераследу ў свеце. Менавіта таму ў якасці аднаго з важных напрамкаў сваёй замежнапалітычнай дзейнасці ён выбраў абарону і дапамогу хрысціянам, якія церпяць пераслед.

Абноўлена 07.03.2018 00:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця