Пошук

05.03.2018 12:23   Паводле: Libreria Editrice Vaticana / Фота: Vatican Media / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

4 сакавіка, у Трэцюю нядзелю Вялікага посту, перад традыцыйнай малітвай «Анёл Панскі» папа Францішак, каментуючы ўрывак з Евангелля пра ачышчэнне Езусам Ерузалемскай святыні, заклікаў вернікаў не ператвараць Касцёл і свае душы ў месца гандлю.

Напачатку Святы Айцец адзначыў, што рашучыя дзеянні Езуса, зробленыя незадоўга да Пасхі, выклікалі здзіўленне натоўпу, а таксма варожасць рэлігійных уладаў і тых, хто адчуў пагрозу для сваіх матэрыяльных інтарэсаў. Каб правільна зразумець значэнне гэтага ачышчэння святыні, трэба перадусім звярнуць увагу на тое, што гэта не быў акт насілля.

Тое, што зрабіў Езус, было дзеяннем, тыповым для прарокаў, якія часта ў імя Бога выкрывалі злоўжыванні і перагібы.

Тыя ж, хто быў незадаволены гэтымі дзеяннямі Езуса, патрабавалі ў Яго «пацвердзіць свае паўнамоцтвы» і даказаць, што Ён сапраўды дзейнічае ад імені Бога.

Каб растлумачыць ачышчэнне Божага дома, вучні Езуса ўзгадваюць тэкст з псальма: «Клопат аб доме Тваім з’ядае Мяне» (пар. Ян 2, 17). Гэты псальм — просьба аб дапамозе ў скрайняй небяспецы з-за нянавісці ворагаў: тое, што Езус перажыве ў сваёй муцы, таму што клопат пра Айца і Ягоны дом прывядзе Яго ажно на крыж.

Ягоны клопат — гэта любоў, якая вядзе да самаахвярнасці, а не той фальшывы, які ў служэнні Богу звяртаецца да насілля. Сапраўды, тым «знакам», які Езус дасць у доказ сваіх паўнамоцтваў, стане менавіта Ягоная смерць і ўваскрасенне. <…> Пасхай Езуса распачынаецца новы культ у новай святыні: культ любові, а новая святыня — гэта Ён сам.

Сваім прыкладам Езус заклікае нас жыць не ў пошуках уласных выгодаў і інтарэсаў, а на хвалу Божую, якой з’яўляецца любоў.

Вельмі непрыгожа, калі Касцёл апускаецца да таго, што робіць з Божага дома базар.

Езус таксама асцерагае нас ад небяспекі ператварыць сваю душу, у якой прысутнічае Бог, у месца гандлю, жывучы ў няспыннай пагоні за прыбыткам, а не ў велікадушнай і салідарнай любові. Таму настаўленне Хрыста заўсёды актуальнае не толькі для касцёльных супольнасцяў, але і для паасобных людзей, і для ўсяго грамадства.

Сапраўды, кожны мае спакусу выкарыстаць добрую дзейнасць, часам свой абавязак, ва ўласных інтарэсах, неабавязкова наўпрост незаконных. Гэта — сур’ёзная небяспека, асабліва калі для гэтага выкарыстоўваецца Бог і належны Яму культ або служэнне чалавеку — Ягонаму вобразу.

Такім чынам, ачышчаючы святыню з дапамогаю бізуна, Езус дзейнічае настолькі «бесцырымонна» для таго, каб вырваць нас з гэтай смяротнай небяспекі.

На заканчэнне Папа заахвоціў усіх удзельнікаў малітвы прасіць у ёй Дзеву Марыю аб дапамозе зрабіць Вялікі пост адпаведнай нагодай для таго, каб прызнаць Бога адзіным Панам свайго жыцця і вызваліцца ад любых формаў ідалапаклонніцтва.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа