Пошук

03.03.2018 14:00   Catholic.by

Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пастанавіла ўнесці літургічны ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла ў Агульны рымскі каляндар, зацвердзіўшы яго такім чынам ва ўсім Рыма-Каталіцкім Касцёле.

Як падкрэсліваецца ў дэкрэце, падпісаным прэфектам згаданай Кангрэгацыі кардыналам Рабэрам Сара 11 лютага, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда, Марыя як клапатлівая Правадырка Касцёла ў момант яго нараджэння распачала сваю матчыну місію ўжо ў вячэрніку, дзе малілася разам з апосталамі ў чаканні спаслання Святога Духа (пар. Дз 1, 14).

Невыпадкова са старадаўніх часоў хрысціяне пабожна ўшаноўвалі Марыю, называючы Яе Маці вучняў, вернікаў, усіх тых, хто адраджаецца ў Хрысце, а таксама Маці Касцёла, пра што сведчаць тэксты касцёльных аўтараў і вучэнне папаў Бэнэдыкта XIV і Льва ХІІІ.

На гэтай падставе благаслаўлёны Павел VI  на заканчэнне Трэцяй сесіі Другога Ватыканскага Сабору 21 лістапада 1964 года абвясціў Марыю «Маці Касцёла, гэта значыць усяго хрысціянскага народа, як вернікаў, так і пастыраў, якія называюць Яе любай Маці», і заклікаў, каб «увесь хрысціянскі народ штораз больш ушаноўваў Божую Маці гэтым салодкім імем».

У сувязі з гэтым у Рымскім Імшале з’явіўся фармуляр ватыўнай Імшы пра Найсвяцейшую Панну Марыю, Маці Касцёла, а пазней гэты тытул Багародзіцы быў дададзены таксама ў Ларэтанскую літанію. Акрамя таго, адпаведная літургічная цэлебрацыя з дазволу Святога Пасаду ўвайшла ва ўласныя календары паасобных краінаў, дыяцэзій і манаскіх сем’яў.

Святы Айцец Францішак палічыў, што далейшае распаўсюджванне гэтага культу можа дапамагчы пастырам, кансэкраваным асобам і ўсім вернікам лепш успрымаць Касцёл як маці, а таксама паспрыяе развіццю сапраўднай марыйнай пабожнасці.

Таму ён вырашыў уключыць успамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла ў Агульны рымскі каляндар, прызначыўшы штогадовым днём яго адзначэння панядзелак пасля ўрачыстасці Спаслання Духа Святога.

Гэты літургічны ўспамін нагадвае, што хрысціянскае жыццё развіваецца толькі ў тым выпадку, калі грунтуецца на таямніцы Крыжа, на ахвяры Хрыста ў Эўхарыстыі, на ахвярнай Панне, Маці Збаўцы і ўсіх збаўленых.

Абноўлена 02.06.2022 13:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.