25 сакавіка на дыяцэзіяльным узроўні ў Каталіцкім Касцёле будзе адзначацца ХХХІІІ Сусветны дзень моладзі. З гэтай нагоды Папа апублікаваў пасланне да юнакоў і дзяўчат.
«Не дазвольце, каб моладзевае ззянне згаснула ў цемры зачыненага пакою, дзе адзіным акном, каб глядзець на свет, з’яўляецца камп’ютар і смартфон», — заклікаў Святы Айцец.
У пасланні на тэму «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана» (Лк 1, 30), Святы Айцец нагадаў, што сёлетняе свята стане чарговым крокам да Сусветных дзён моладзі, якія ў 2019 г. пройдуць у Панаме.
Акрамя таго, у кастрычніку ў Ватыкане адбудзецца XV Генеральная Асамблея Сінода Біскупаў, прысвечаная моладзі — «каштоўнаму дару» для «Бога, Касцёла і свету».
Пантыфік заўважыў, што ў маладым узросце чалавек нярэдка сустракаецца з вялікай колькасцю страхаў, напрыклад, перад тым, што яго не будуць любіць і прымаць такім, які ёсць, або перад немагчымасцю рэалізаваць свае мары з-за адсутнасці добрай працы.
«Сёння існуе шмат юнакоў і дзяўчат, якія маюць пачуццё, што павінны быць не такімі, якімі з’яўляюцца насамрэч», — заўважыў Пантыфік і дадаў, што, «спрабуючы адпавядаць часта штучным і недасягальным стандартам», многія маладыя людзі «нястомна рэтушуюць свае выявы» ў віртуальным свеце, хаваюцца за фальшывымі маскамі і такім чынам самі становяцца «фэйкам».
Спрагнёную па «лайках» моладзь папа Францішак заклікаў навесці парадак у думках і пачуццях, каб дзейнічаць слушна і разважліва.
«Не бойцеся сумленна паглядзець на свае страхі, распазнаць іх прычыны і паквітацца з імі», — напісаў Папа. Па прыкладзе Панны Марыі, важна не баяцца расчыніць дзверы ўласнага жыцця, адкрыцца на іншых людзей, дадаў ён.
Папа заўважыў, што заклік «Не бойся» прысутнічае ў Бібліі 365 разоў, нібыта кожны дзень на працягу года Бог хоча вызваліць нас ад страху.
Святы Айцец адзначыў, што неабходная «цішыня малітвы, каб слухаць голас Бога, які гучыць у сумленні».
Як адзначыў Папа, кожнага чалавека Бог кліча па імені, што азначае яго выключнасць і вялікую годнасць у вачах Пана.
«Божае пакліканне, будучы асабістым і непаўторным, патрабуе ад нас адвагі, каб вызваліцца ад уніфікаваных ментальных схемаў і дазволіць нашаму жыццю стаць па-сапраўднаму арыгінальным і непаўторным дарам для Бога, Касцёла і іншых людзей», — падкрэсліў Папа.
Напрыканцы паслання Святы Айцец заклікаў маладых людзей па прыкладзе Панны Марыі не шукаць камфортнага жыцця, хаваючыся ад цяжкасцяў, але выходзіць насустрач іншым і любіць, асабліва самых слабых і бедных.