Пошук

19.02.2018 13:06   Паводле: Libreria Editrice Vaticana / Фота: Vatican Media / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

У першую нядзелю Вялікага посту падчас малітвы «Анёл Панскі» Святы Айцец засяродзіўся на спакушэнні, Добрай Вестцы і навяртанні, а таксама заклікаў моладзь усяго свету далучыцца да падрыхтоўкі кастрычніцкага Сінода.

«Езус ідзе ў пустыню, каб падрыхтавацца да сваёй місіі ў свеце. Ён не мае патрэбы ў навяртанні, але, будучы чалавекам, Ён таксама павінен прайсці праз гэтае выпрабаванне: як для сябе самога, каб падпарадкавацца волі Айца, так і для нас, каб даць нам ласку перамагаць спакусы».

Як адзначыў Папа, гэтая падрыхтоўка немагчымая без змагання супраць духа зла, супраць д’ябла. Вялікі пост — гэта час духоўнага «спаборніцтва», духоўнай барацьбы: мы пакліканыя супрацьстаць злому духу з дапамогай малітвы, каб Божаю моцаю перамагаць яго ў нашым штодзённым жыцці. На жаль, — казаў Святы Айцец, — зло дзейнічае ў нашым існаванні і вакол нас. Насілле, адкіданне іншага чалавека, адасобленасць, войны, несправядлівасць: усё гэта — справы злога духа, дзеянне зла.

«Адразу ж пасля выпрабавання ў пустыні Езус пачынае абвяшчаць Евангелле — Добрую Вестку, і гэта — другое слова. Першае слова — „спакушэнне“, другое — „Добрая Вестка“. Гэтая Добрая Вестка патрабуе ад чалавека навяртання — трэцяе слова — і веры».

Езус абвяшчае набліжэнне Божага Валадарства і заклікае: «Кайцеся і верце ў Евангелле»: верце ў гэтую Добрую Вестку, што Божае Валадарства ўжо блізка. У жыцці ўвесь час патрэбна навяртацца, таму што мы ніколі дастаткова не скіраваныя да Бога і павінны няспынна звяртацца да Яго нашым розумам і нашым сэрцам. Дзеля гэтага неабходна мужна адкінуць усё, што збівае нас з дарогі; фальшывыя каштоўнасці, якія зводзяць нас, падступна выкарыстоўваючы наш эгаізм. Мы павінны даверыцца Пану, Ягонай дабрыні і Яго плану любові да кожнага з нас.

«Вялікі пост — гэта час пакаяння, так; але гэта не час смутку! Гэта час пакаяння, але не час смутку, не час жалобы!»

Папа Францішак кажа, што пост — гэта радаснае і сур’ёзнае заданне вызвалення ад свайго эгаізму, ад свайго «старога чалавека» і аднаўлення ў ласцы нашага хросту.

«Толькі Бог можа нам падараваць сапраўднае шчасце: непатрэбная трата часу шукаць яго ў чымсьці іншым: у багацці, у задавальненнях, ва ўладзе, у кар’еры… Божае Валадарства — гэта здзяйсненне ўсіх нашых пажаданняў, таму што яно — гэта адначасова збаўленне чалавека і хвала Бога».

Святы Айцец, просячы дапамогі Панны Марыі, заклікае пражыць гэты Вялікі пост у вернасці Божаму Слову і ў няспыннай малітве, як гэта зрабіў Езус у пустыні.

«Гэта цалкам магчыма! Трэба толькі жыць кожны дзень з жаданнем прымаць любоў, якая паходзіць ад Бога і імкнецца перамяніць нашае жыццё і ўвесь свет».

Пасля малітвы «Анёл Панскі» папа Францішак нагадаў, што з 19 па 24 сакавіка ў Рыме збяруцца каля 300 маладых людзей з усяго свету, каб прыняць удзел у падрыхтоўчым сходзе кастрычніцкага Сінода. Пантыфік пры гэтым выказаў пажаданне, каб усе маладыя людзі маглі непасрэдна ўдзельнічаць у гэтай падрыхтоўцы. З гэтай мэтай яны змогуць далучыцца анлайн у моўныя групы, мадэратарамі якіх будуць іх равеснікі, а прапановы такіх «сеціўных груп» увойдуць у вынікі працы рымскага сходу. Неабходную інфармацыю можна знайсці на інтэрнэт-старонцы Сакратарыяту Сінода Біскупаў (даступны на англійскай, італьянскай, французскай, іспанскай, нямецкай мовах.

На заканчэнне прамовы Святы Айцец скіраваў асаблівае прывітанне вязням, пажадаўшы ім  з дапамогай Божай міласэрнасці і прабачэння аднавіць падчас посту сваё жыццё, а таксама папрасіў памятаць у малітве пра яго і пра супрацоўнікаў Рымскай курыі, якія распачалі тыдзень духоўных практыкаванняў.

Абноўлена 19.02.2018 17:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.