Публічнай дэманстрацыяй «касцёльнай камуніі» назваў папа Францішак візіт членаў Сіноду Мелькіцкай Каталіцкай Царквы ў Ватыкан.
Гэта ўсходнекаталіцкая супольнасць, якая прытрымліваецца візантыйскага абраду, некалькі месяцаў таму абрала новага Патрыярха. Ім стаў Юсэф І Абсі.
Пантыфік выказаў сваю малітоўную блізкасць з пастырамі і вернікамі Царквы, якая, як адзначыў, не можа быць аддзелена ад памяці пра Сірыю і Блізкі Усход, дзе каталіцкія мелькіты маюць глыбокія карані і здзяйсняюць важнае служэнне.
Ён нагадаў, што ў апошнія гады шматлікія грэка-мелькіты перамясціліся ў пошуках лепшага жыцця ў іншыя краіны, і часта за межы рэгіёну.
Папа заахвоціў дапамагаць вернікам заставацца ў месцах свайго паходжання. Як ніколі ў гэтыя моманты пастыры закліканы да адзінства, блізкасці і салідарнасць з Божым народам, які пакутуе.
Як падкрэсліў Святы Айцец, Касцёл мае патрэбу ў пастырах, «якія ахопліваюць жыццё з шырынёй Божага сэрца», не спачываюць у зямным задавальненні, ставяць вышэйшыя мэты; у пастырах «высокага палёту», свабодных ад спакусы прахалоднага жыцця і руціны.
Касцёлу патрэбныя пастыры, якія жывуць у беднасці, не залежныя ад грошай і раскошы, паслядоўныя ў абвяшчэнні пасхальнай надзеі, падкрэсліў Святы Айцец.
«Калі вы вернецеся і сустрэнеце святароў, кансэкраваных асоб і вернікаў, нагадайце ім, што яны знаходзяцца ў сэрцы і малітвах Папы», — сказаў папа Францішак епіскапам.
Мелькіцкая Каталіцкая Царква мае статус Патрыярхату. Яе кіраўнік носіць тытул «Патрыярх Антыёхіі, Александрыі і Ерузалема». Рэзідэнцыя Прадстаяцеля знаходзіцца ў Дамаску. Большасць вернікаў жыве ў Сірыі, Ліване, Егіпце, Ізраілі і Іарданіі. Значная колькасць мелькітаў рассеяна па ўсім свеце ў эміграцыі.