7 лютага завяршыўся візіт ad limina Apostolorum каталіцкіх біскупаў Беларусі. У гэты дзень беларускія іерархі цэлебравалі Эўхарыстыю ў базыліцы святой Марыі Вялікай, наведалі Дыкастэрыю па справах свецкіх, сям’і і жыцця, Кангрэгацыю па справах Усходніх Касцёлаў, а таксама генеральны дом айцоў марыянаў.
Біскупы распачалі гэты дзень святой Імшой у папскай базыліцы святой Марыі Вялікай (Santa Maria Maggiore).
Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У гаміліі біскуп засяродзіў увагу на фрагменце Евангелля аб Звеставанні і заклікаў прысутных адкрыцца для дзеяння Святога Духа, бо, як адзначыў, «тады моц Найвышэйшага ахіне нас і мы зможам прыносіць добры плён нашага жыцця».
Пасля Імшы біскупы наведалі Дыкастэрыю па справах свецкіх, сям’і і жыцця.
Старшыня беларускага епіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прамовіў уступнае слова аб сітуацыі сям’і, моладзі, абароны жыцця і свецкіх у Беларусі. Затым біскуп Антоні Дзям’янка распавёў пра пастырства сям’і, а біскуп Юзаф Станеўскі – пра пастырства моладзі.
Супрацоўнікі Дыкастэрыі высока ацанілі пастырскую працу ў Беларусі ў сферы сям’і, моладзі, абароны жыцця і свецкіх. Яны праіфармавалі пра падрыхтоўку да Сусветных дзён моладзі ў Панаме ў 2019 г. і Сусветнага кангрэса сям’і ў Ірландыі ў 2018 г.
Пры гэтым імі было выказана пажаданне, каб беларуская моладзь не толькі брала ад сусветнага моладзевага форуму, але і ўносіла ў яго свой вопыт веры і прадстаўляла на ім беларускую культуру.
Сусветны форум сям’і пакліканы супрацьстаяць ідэалагічнаму падрыву яе асноваў.
Дыкастэрыя выказала гатоўнасць дапамагчы ў арганізацыі пілігрымак на Сусветны дзень моладзі і Кангрэс сям’і і пажаданне больш цеснага супрацоўніцтва з адпаведнымі структурамі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
Потым біскупы наведалі Кангрэгацыю па справах Усходніх Касцёлаў.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прадставіў агульную сітуацыю Касцёла ў Беларусі і яго галоўныя праблемы, а Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Ян Сяргей Гаек МІС – актуальнае становішча і перспектывы развіцця грэка-каталіцкай супольнасці.
Кіраўніцтва Кангрэгацыі выказала падзяку Касцёлу ў Беларусі за пілігрымкі на Святую Зямлю, што таксама з’яўляецца знакам салідарнасці з хрысціянамі Блізкага Усходу; за развіццё міжхрысціянскіх адносін і прапаганду беларускай культуры за мяжой.
Па просьбе кіраўніцтва Кангрэгацыі былі закрануты праблемы касцёльна-дзяржаўных адносін, асабліва сітуацыі з замежнымі святарамі, якая, паводле агульнага меркавання, з’яўляецца ненармальнай.
Вечарам беларускія біскупы наведалі генеральны дом айцоў марыянаў.
На гэтым трэці візіт Ad limina Apostolorum біскупаў з Беларусі завяршыўся.
Ён даў беларускім пастырам цудоўную магчымасць мацней адчуць пульс Паўсюднага Касцёла.
Асноўныя яго падзеі — гэта перадусім сустрэча з папам Францішкам, які выказаў свае пажаданні адносна пастырскай дзейнасці Касцёла ў Беларусі. Гэтая сустрэча стала добрай нагодай, каб яшчэ раз запрасіць Святога Айца наведаць Беларусь.
Акрамя таго, прадстаўнікі беларускага епіскапату з вялікай карысцю наведалі шэраг ватыканскіх дыкастэрый (ведамстваў) з мэтай прадставіць сітуацыю ў розных галінах душпастырства і пракансультавацца па існуючых праблемах. На шматлікіх сустрэчах, якія адбываліся ў гэты час у Вечным горадзе, былі абмеркаваны касцёльна-дзяржаўныя адносіны і атрымана падтрымка Святога Пасаду ў тым, што неабходна іх удасканальваць у кірунку большай адкрытасці для патрэбаў Касцёла і дзеля карысці ўсяго беларускага грамадства.
Візіт «да апостальскіх парогаў» загартаваў калегіяльнасць беларускага епіскапату і дапамог глыбей адчуць значэнне супольнай малітвы за ўвесь народ Беларусі.
Беларускія біскупы дзякуюць з Вечнага горада ўсім вернікам за малітоўную падтрымку гэтага візіту і ад усяго сэрца іх благаслаўляюць. Яны вяртаюцца на Радзіму ўзбагачаныя ласкай прабывання ў сэрцы хрысціянства і натхнёныя на далейшае служэнне людзям і Бацькаўшчыне.