Пошук

05.02.2018 15:10   Паводле: Libreria Editrice Vaticana / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

Падчас малітвы «Анёл Панскі», якую папа Францішак правёў на плошчы святога Пятра ў Рыме ў V Звычайную нядзелю, ён звярнуў увагу на ўласцівасць Касцёла заўсёды быць у руху, а таксама заклікаў да малітвы і посту ў інтэнцыі міру 23 лютага.

На пачатку Святы Айцец заўважыў, што мэта цудаў, якія чыніць Хрыстус, у тым, каб выклікаць веру. Пры гэтым натоўп людзей, якія цярпелі ад фізічных пакутаў і духоўнай мізэрнасці, з’яўляецца тым «жыццёвым асяродкам», дзе разгортваецца місія Езуса, які не прапаведуе ў стэрыльных умовах, у адрыве ад людзей.

«Падумайце пра тое, што большая частка грамадскага жыцця Езуса прайшла на вуліцы, сярод людзей, якім Ён абвяшчаў Евангелле, чые фізічныя і духоўныя раны Ён загойваў».

Езус, які моліцца, такім чынам выключае сваю Асобу і сваю місію з трыумфалісцкага падыходу, на што нібы даюць права здзейсненыя Ім цуды і Яго харызматычная ўлада. Цуды Езуса — гэта толькі «знакі», якія заклікаюць да адказу веры і заўсёды суправаджаюцца словамі, што іх асвятляюць. Дапаўняючы адно другое, знакі і словы вядуць да веры і навяртання.

Евангельскі тэкст пятай Звычайнай нядзелі паказвае, што абвяшчэнне Божага Валадарства адбываецца менавіта ў дарозе, якая становіцца для гэтага найбольш адпаведным месцам. Дарога як месца радаснага абвяшчэння Евангелля паказвае Касцёл у руху, якому не ўласцівая нерухомасць.

«Няхай Панна Марыя дапаможа нам быць адкрытымі для голасу Святога Духа, які ўсё больш натхняе Касцёл ставіць свой шацёр сярод людзей, каб да ўсіх данесці аздараўляльнае слова Езуса — лекара душаў і целаў», — традыцыйна завяршыў сваю прамову зваротам да Багародзіцы папа Францішак, пасля чаго разам з усімі прысутнымі памаліўся «Анёл Панскі».

Пасля малітвы Папа нагадаў, што напярэдадні ў італьянскім горадзе Віджэвана быў абвешчаны благаслаўлёным Тэрэзіё Алівэллі — юнак, забіты за сваю хрысціянскую веру ў 1945 г. у лагеры ў Херсбруку, які сведчыў пра Хрыста сваёй любоўю да найслабейшых і далучыўся да вялікага сонму мучанікаў мінулага стагоддзя.

«Няхай яго гераічная ахвяра станецца насеннем надзеі і братэрства перадусім для моладзі», — сказаў Святы Айцец.

Паколькі ў гэты дзень у Італіі адзначаўся Дзень абароны жыцця, што быў прысвечаны тэме «Евангелле жыцця — радасць для свету», Пантыфік выказаў сваю высокую ацэнку і падтрымку разнастайным касцёльным ініцыятывам у абарону жыцця. Прывітаўшы прысутных на плошчы нешматлікіх прадстаўнікоў Руху за жыццё, Папа выказаў сваю заклапочанасць тым, што так мала людзей змагаюцца за жыццё «ў свеце, дзе штодзённа з’яўляецца ўсё больш зброі, дзе штодзённа з’яўляецца ўсё больш законаў супраць жыцця».

У сувязі з тым, што ў розных частках свету ідуць канфлікты з трагічнымі наступствамі, Святы Айцец заклікаў усіх вернікаў да малітвы і посту за мір 23 лютага, у пятніцу першага тыдня Вялікага посту, перадусім у інтэнцыі народаў Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і Паўднёвага Судана.

Папа заахвоціў падтрымаць гэтую ініцыятыву і ўсіх людзей добрай волі, якія не з’яўляюцца католікамі і хрысціянамі.

Абноўлена 05.02.2018 20:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.