Пошук

02.02.2018 18:41   Паводле: арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч / Фота: біскуп Юзаф Станеўскі / Catholic.by

 

2 лютага, у свята Ахвяравання Пана і дзень кансэкраванага жыцця, біскупы з Беларусі, якія знаходзяцца ў Рыме з візітам ad limina Apostolorum, наведалі наступныя дыкастэрыі — ведамствы Святога Пасаду: Кангрэгацыю па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця і Кангрэгацыю Каталіцкай Адукацыі, а ўвечары канцэлебравалі святую Імшу з папам Францішкам.

У Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця сітуацыю ў Беларусі ў гэтай сферы прадставіў біскуп Аляксандр Яшэўскі, салезіянін.

Ён як адказны ў ККББ за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця назваў кансэкраваных асобаў «хуткай дапамогай Касцёлу». Гэта асабліва адчувалася 25 гадоў таму, калі Касцёл у Беларусі толькі пачынаў адраджацца пасля перыяду ганенняў, якія закранулі тры пакаленні.

Біскуп Яшэўскі распавёў пра дасягненні і праблемы кансэкраванага жыцця ў Беларусі. Галоўнымі праблемамі з’яўляюцца складанасці, звязаныя з рэгістрацыяй манаскіх супольнасяў, манаскай фармацыяй і змяншэннем колькасці пакліканняў да кансэкраванага жыцця.

Кангрэгацыя высока ацаніла ўнёсак прадстаўнікоў розных харызмаў кансэкравангага жыцця як у адраджэнні, так і ва ўмацаванні Касцёла ў Беларусі.

Кіраўніцтва кангрэгацыі таксама звярнула ўвагу на неабходнасць арганізацыі прынамсі пачатковай фармацыі на тэрыторыі Беларусі, а не за мяжой, наколькі гэта магчыма ў мясцовых рэаліях. Вырашэнню гэтай праблемы магло б спрыяць стварэнне адзінага цэнтра фармацыі для некалькіх супольнасцяў кансэкраванага жыцця.

У той самы дзень біскупы наведалі Кангрэгацыю Каталіцкай Адукацыі.

Даклад аб сітуацыі з рэлігійным навучаннем у Беларусі зрабіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які звярнуў увагу на тое, што беларускае заканадаўства не дазваляе вывучаць рэлігію ў школах і ўніверсітэтах, а таму адзіным месцам яе вывучэння для большасці дзяцей і моладзі становяцца парафіі. Адсутнасць адпаведнага пагаднення паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь з’яўляецца тормазам у вырашэнні гэтай праблемы.

Арцыбіскуп Кандрусевіч таксама праінфармаваў кіраўніцтва кангрэгацыі аб тым, што цяпер рыхтуецца пагадненне паміж ККББ і дзяржавай, падпісанне якога можа дапамагчы частковаму вырашэнню некаторых праблем у галіне каталіцкай адукацыі ў Беларусі.

З мясцовых дасягненняў у сферы касцёльнай адукацыі была адзначана дзейнасць Каледжа каталіцкай тэалогіі імя св. Яна Хрысціцеля ў Мінску, Катэхетычнага каледжа імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах і Катэхетычнага інстытута ў Гродне, курсаў па вывучэнні Святога Пісання пры парафіях, а таксама план заснавання Тэалагічнай акадэміі імя св. Яна Паўла II.

Кангрэгацыя высока ацаніла дзейнасць Касцёла ў галіне хрысціянскай адукацыі, нягледзячы на праблемы і цяжкасці, якія існуюць у гэтай сферы. Ватыканскія спецыялісты ў галіне адукацыі рэкамендавалі больш увагі звярнуць на падрыхтоўку свецкіх лідараў з інтэлігэнцыі з дапамогай арганізацыі летніх курсаў пры існуючых навучальных установах.

Рэлігійная адукацыя павінна адпавядаць выклікам часу і ўлічваць сацыяльнае вучэнне Касцёла. Асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на падрыхтоўку выкладчыцкіх кадраў для семінарый і іншых навучальных устаноў. Выдадзеная нядаўна папам Францішкам Апостальская канстытуцыя Veritatis gaudium, прысвечаная каталіцкай адукацыі, прадпісвае на працягу двух гадоў прывесці праграмы навучання ў адпаведнасць з новымі нормамі і ўсталяваць філіяльныя сувязі з папскімі навучальнымі ўстановамі.

Увечары біскупы з Беларусі канцэлебравалі з папам Францішкам святую Імшу ў базыліцы св. Пятра, дзе ў гэты дзень асабліва маліліся за кансэкраваных асобаў, а пасля Імшы наведалі духоўны цэнтр супольнасці Sant’Egidio, вядомай сваімі экуменічнымі ініцыятывамі і працай з патрабуючымі і мігрантамі.

Абноўлена 05.02.2018 09:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа