Пошук

02.02.2018 11:37   Паводле: арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч / Catholic.by

1 лютага ў другой палове дня ў межах візіту ad limina Apostolorum каталіцкія біскупы з Беларусі наведалі шэраг дыкастэрый — ведамстваў Святога Пасаду, у якіх вялі дыялог пра паасобныя кірункі дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў краіне і дзе атрымалі ўказанні дзеля яго далейшага плённага развіцця.

Падчас наведвання Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прадставіў сітуацыю з захаваннем касцёльнага права ў дыяцэзіях на Беларусі. Ён праінфармаваў аб мясцовай кананічна-прававой практыцы і аб распараджэннях ККББ.

Арцыбіскуп не абмінуў таксама праблем, якія існуюць у Беларусі, такіх, як адсутнасць адпаведнага пагаднення — т.зв. «канкардату» — паміж Апостальскім Пасадам і беларускай дзяржавай, а таксама неабходнасць удасканалення нацыянальнага заканадаўства ў галіне свабоды веравызнання, якое сёння не адпавядае выклікам часу. Асобна іерарх засяродзіўся на падрыхтоўцы пагаднення паміж ККББ і дзяржавай.

Старшыня беларускага епіскапату падкрэсліў, што, кажучы ў цэлым, у Касцёле ў Беларусі няма негатыўных тэндэнцый, звязаных з парушэннем кананічнага права. Выхаваныя ў паслухмянасці Богу і Касцёлу, беларускія вернікі стараюцца захоўваць касцёльныя юрыдычныя нормы, усведамляючы, што гэта шлях да гармоніі ў жыцці Касцёла і да асабістай духоўнай дасканаласці.

Беларускі Касцёл заўсёды адкрыты для паглыблення супрацоўніцтва з Папскай радай па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў, скіраванага на павышэнне ўзроўню падрыхтоўкі мясцовых спецыялістаў у гэтай галіне, а таксама з мэтай рэалізацыі кананічных норм і прыняцця ККББ неабходных заканадаўчых актаў.

Са свайго боку Папская рада па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў рэкамендавала стварыць пры ККББ профільную камісію для вырашэння юрыдычных праблем і кантактаў з Папскай радай па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў.

Акрамя таго, у той жа дзень адбылася сустрэча ў Кангрэгацыі па справах духавенства, дзе сітуацыю адносна фармацыі, служэння і жыцця духоўных асобаў прадставіў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Галоўнай тэмай сустрэчы ў гэтай кангрэгацыі была рэформа фармацыі святароў з мэтай павышэння якасці іх падрыхтоўкі згодна з патрабаваннямі часу.

Па словах старшыні ККББ, кангрэгацыя занепакоена якасцю фармацыі будучых святароў у Беларусі, вынікам чаго стануць неабходныя змены ў гэтым працэсе, якія чакаюць беларускія семінарыі ў бліжэйшай будучыні. Сусветная практыка ў гэтай галіне сёння аддае перавагу стварэнню міждыяцэзіяльных семінарый з мэтай больш якаснай фармацыі святароў, якая лепш адпавядае агульнанацыянальным патрабаванням.

Кангрэгацыя таксама дала канкрэтныя ўказанні адносна цэлебрацыі так званых «зборных», або «складковых», Імшаў і ўспаміну ў Імшы розных просьбаў у тых інтэнцыях, з якімі вернікі звяртаюцца да святара.

Абноўлена 02.02.2018 12:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.