Папа Францішак даў дазвол на абвяшчэнне ў бліжэйшы час адной новай святой, іспанскай манахіні Назарыі Ігнасіі Марч Мэса (Nazaria Ignazia March Mesa), і 23 новых благаслаўлёных, сярод якіх — мучанікі, забітыя ў Алжыры з 1994 па 1996 г. з нянавісці да веры, у тым ліку біскуп Арана П’ер Клаўры (Pierre Claverie), а таксама адна свецкая асоба з Румыніі, якая належала да Трэцяга Францішканскага ордэна.
Назарыя Ігнасія Марч Мэса (Nazaria Ignazia March Mesa) нарадзілася ў Іспаніі ў 1889 г. і разам з сям’ёй эмігравала ў Мексіку. Большую частку свайго жыцця яна прысвяціла справам міласэрнасці. У сталіцы Аргенціны Буэнас-Айрэсе, ахопленая місіянерскім духам, цалкам прысвяціла сябе евангелізацыі бедных з розных краін Лацінскай Амерыкі, заснаваўшы Кангрэгацыю Крыжовых місіянерак Касцёла.
Мучанікаў з Алжыра папа Францішак узгадвае ў сваёй кнізе «Спадчына» (L'héritage): «Шэсць манахаў з Тыбірына былі забітыя пасля доўгіх дзён палону, стаўшы ахвярамі братазабойчай барацьбы, якая раздзірала краіну. <…> Але забойцы не маглі забраць у іх жыцця: яны яго аддалі яшчэ раней, таксама як і дванаццаць іншых манахаў і манахінь, сярод якіх і наш брат біскуп П’ер Клаўры, забітыя ў Алжыры ў тыя змрочныя часы».
Вероніка Анталь (Veronica Antal) загінула падобна як і св. Марыя Гарэцці. Яна нарадзілася ў 1935 г. на поўначы Румыніі і з юнацкага ўзросту вяла кляўзуровы лад жыцця ў сваім доме, далучыўшыся да Трэцяга Францішканскага ордэна. У той час, калі пануючы ў краіне атэістычны рэжым змагаўся з манаствам, яна вяла духоўнае жыццё, якое чэрпала моц з Эўхарыстыі і было асветлена Ружанцам. 24 жніўня 1958 г. непадалёк ад кукурузнага поля на яе напаў адзін малады чалавек з наваколля, спрабуючы яе згвалціць. Аднак з-за супраціву Веронікі яму не ўдалося гэтага зрабіць, і ён забіў сваю ахвяру, нанёсшы ёй 42 удары нажом. Незадоўга да смерці Вероніка акурат чытала біяграфію св. Марыі Гарэцці і казала сваім сяброўкам, што паводзіла б сябе так, як і яна. На кавалачку паперы яна напісала: «Я — Езусава, а Езус — мой».