Пошук

15.01.2018 15:32   Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Паводле: vatican.va / Catholic.by

Вырасці з пабожнасці «па звычцы» і навучыцца «пражываць сустрэчу» з Езусам у малітве заклікаў папа Францішак 14 студзеня падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы святога Пятра.

Каментуючы ўрывак з Евангелля, які заклікае да адкрыцця Хрыста, Святы Айцец звярнуў увагу на пакліканне чалавека ісці за Тым, «каго мы сузіралі ў таямніцы Божага Нараджэння».

«У гэтым пошуку асноўную ролю адыгрывае сапраўдны сведка: асоба, якая першая прайшла гэты шлях і сустрэлася з Панам.

У Евангеллі такі сведка — гэта Ян Хрысціцель. Таму ён можа скіраваць вучняў да Езуса, які ўводзіць іх у новы вопыт, кажучы: «Ідзіце і ўбачыце» (пар. Ян 1, 39).

Мы можам мець вопыт розных рэчаў, займацца многімі справамі, падтрымліваць адносіны з многімі людзьмі, але толькі сустрэча з Хрыстом у час, вядомы Богу, можа надаць нашаму жыццю поўны сэнс і зрабіць плённымі нашыя планы і нашыя пачынанні».

Як дадаў Пантыфік, «недастаткова скласці для сябе вобраз Бога з чужых словаў; трэба выйсці на пошукі Боскага Настаўніка і пайсці туды, дзе Ён жыве».

Пытанне, з якім вучні звярнуліся да Езуса: «Дзе жывеш?» (пар. Ян 1, 38) — мае глыбокі духоўны сэнс: яно выражае жаданне даведацца, дзе жыве Настаўнік, каб магчы застацца з Ім.

Жыццё веры заключаецца ў жаданні быць з Панам, а гэта значыць — у няспынным пошуку таго месца, дзе Ён жыве.

«Гэта азначае, што мы пакліканыя вырасці з пабожнасці „па звычцы“ і „з прымусу“, перажываючы сустрэчу з Езусам у малітве, у разважанні над Божым словам і ва ўдзеле ў сакрамэнтах, каб быць з Ім і прыносіць плён дзякуючы Яму, з Яго дапамогай, з Яго ласкі.

Шукаць Езуса, сустрэцца з Езусам, ісці за Езусам: такі гэты шлях. Шукаць Езуса, сустрэцца з Езусам, ісці за Езусам.

Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя падтрымлівае нас у намеры ісці за Езусам, пайсці туды і застацца там, дзе Ён жыве, каб слухаць Яго слова жыцця, каб з’яднацца з Тым, хто бярэ на сябе грахі свету, каб у Ім зноў адшукаць надзею і моц духу», — заключыў Святы Айцец.

Абноўлена 15.01.2018 16:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця