Пошук

11.01.2018 11:26   KAI.pl

Ватыканскія музеі рыхтуюцца да рэарганізацыі парадку наведвання турыстамі. Сёння ў распараджэнні турыстаў — сямікіламетровая траса з магчымасцю наведаць самыя разнастайныя экспазіцыі.

Аднак большасць з турыстаў абірае найкарацейшую дарогу наўпрост да Сікстынскай капэлы, ігнаруючы іншыя музейныя залы, якія ў выніку застаюцца не такімі запатрабаванымі.

Дырэктар Ватыканскіх музеяў Барбара Ята праанансавала «падрыхтоўку новага ўвахода ў Музеі ўздоўж муроў Сангала».

«Праз гэтую новую браму можна будзе патрапіць ў тыя часткі Музеяў, якія карыстаюцца меншым попытам. Такім чынам мы зможам лепш раздзяліць наплыў турыстаў, некаторыя з якіх наведваюць Рым адзін раз у жыцці і не маюць магчымасці патрапіць у Музеі з-за вялікай колькасці наведвальнікаў», — адзначыла Ята.

Па яе словах, новы ўваход дазволіць накіроўваць турыстаў і ў менш запоўненыя часткі Музеяў, у якіх выстаўлены не толькі прадметы мастацтва, але і шматвяковыя сведчанні хрысціянскай веры.

Ватыканскія музеі заснаваны папам Юліем II на пачатку XVI ст. У іх склад уваходзіць знакамітая Сікстынская капэла з роспісамі Мікеланджэла. На працягу года тут прымаюць каля 6 млн наведвальнікаў. Музеі ўваходзяць у дзясятку самых папулярных у свеце і налічваюць 54 галерэі.

Абноўлена 11.01.2018 15:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа