«Езус з’яўляецца для нас Божым дарам, і калі Яго прымем, таксама і мы зможам стаць дарам для іншых, перш за ўсё для тых, хто не сустракае ўвагі і ласкавасці», — падкрэсліў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 27 снежня ў ватыканскай Зале Паўла VI. Катэхезу Пантыфік прысвяціў значэнню свята Божага Нараджэння.
«У наш час, асабліва ў Еўропе, мы назіраем свайго роду “скажэнне” Божага Нараджэння: у імя фальшывай павагі да нехрысціян, за якой часта хаваецца жаданне адсунуць веру на ўзбочыну, выключаюцца ўсе спасылкі на нараджэнне Езуса. Але ў рэальнасці гэтая падзея з’яўляецца адзіным сапраўдным Божым Нараджэннем! Без Езуса няма Божага Нараджэння, гэта іншае свята! А вось калі Ён знаходзіцца ў цэнтры, тады таксама і ўсё навокал, гэта значыць агні, спевы, розныя мясцовыя звычаі, уключаючы традыцыйныя стравы, усё спрыяе стварэнню святочнай атмасферы. Але калі прыбраць Яго, святло пагасне і ўсё стане несапраўдным, вонкавым», — сказаў Папа.
Святы Айцец падкрэсліў, што сутнасцю Божага Нараджэння з’яўляецца дар Божага Сына для чалавецтва, якое пагрузілася ў ноч і санлівую нячуласць. «Таксама і сёння мы з’яўляемся сведкамі таго факту, што часта чалавецтва аддае перавагу цемры, бо ведае, што святло паказала б усе яго дзеянні і думкі, якія выклікалі б сорам і згрызоты сумлення. Па гэтай прычыне яно аддае перавагу таму, каб заставацца ў цемры і не змяняць сваіх памылковых звычак», — заўважыў Пантыфік.
Папа падкрэсліў, што прыняць Езуса — значыць самім станавіцца бескарысным дарам для тых, каго мы сустракаем на нашым шляху. «Вось чаму на Божае Нараджэнне мы абменьваемся падарункамі. Сапраўдным дарам для нас з’яўляецца Езус, і мы, як Ён, хочам быць дарам для іншых», — сказаў Папа і дадаў, што праз уцелаўленне «Бог адкрыў нам шлях новага жыцця, якое грунтуецца не на эгаізме, а на любові».
Па словах Святога Айца, адзначаючы Божае Нараджэнне, мы бачым, што Бог скіраваў сваё радаснае пасланне ў першую чаргу да тых, хто быў адкінуты на ўзбочыну грамадства. «Гэтым людзям, якіх прадстаўляюць бэтлеемскія пастухі, “аб’явілася святло вялікае”. Ім, маргіналізаваным, якія не карысталіся павагай, якімі пагарджалі, у першую чаргу была аб’яўлена вялікая навіна. З гэтымі людзьмі, з малымі і пагарджанымі, Езус усталёўвае сяброўства, якое працягваецца ў часе і падтрымлівае надзею на лепшую будучыню. Бэтлеемскім пастухам аб’явілася вялікае святло, што прывяло іх да Езуса. Разам з імі, ва ўсе часы, Бог хоча будаваць новы свет, у якім больш не будзе адкінутых людзей, прыгнечаных і пазбаўленых сродкаў для жыцця», — сказаў Пантыфік.
Папа Францішак заклікаў «адкрыць нашы думкі і сэрцы, каб прыняць гэтую ласку». «Езус з’яўляецца дарам для нас, і калі Яго прымем, мы таксама можам стаць дарам для іншых, асабліва для тых, хто не сустракае ўвагі і ласкавасці. Езус прыходзіць, каб нарадзіцца ў жыцці кожнага з нас, і праз нас працягвае быць дарам збаўлення для малых і адчужаных», — скончыў сваю катэхезу Святы Айцец.