Пошук

19.12.2017 09:14   Мікола Гракаў / Catholic.by

«Хрысціянін, які сустрэўся з Езусам, не можа быць прарокам няшчасця, а становіцца сведкам і вестуном радасці», — сказаў папа Францішак падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы св. Пятра 17 снежня, у ІІІ нядзелю Адвэнту.

«У папярэднія нядзелі ў літургіі было падкрэслена, што значыць чуваць і ў чым канкрэтна заключаецца падрыхтоўка дарогі Пану. У гэтую трэцюю нядзелю Адвэнту, якая называецца “нядзеляй радасці”, літургія запрашае нас прасякнуцца духам, у якім усё гэта адбываецца, а менавіта радасцю», — звярнуў увагу Пантыфік.

Па словах Папы, «святы Павел запрашае нас падрыхтаваць прыйсце Пана ў трох паставах»: «першая — заўсёды радавацца, другая — няспынна маліцца, трэцяя — за ўсё дзякаваць».

Кажучы пра першую паставу — заўсёды радавацца — Пантыфік нагадаў словы св. Паўла: «Заўсёды радуйцеся» (пар. 1 Тэс 5, 16). «Маецца на ўвазе заўсёды заставацца радаснымі, нават калі штосьці ідзе ўразрэз з нашымі жаданнямі; існуе такая глыбокая радасць, што з’яўляецца супакоем: гэта таксама радасць, якая ўнутры, — патлумачыў Папа. — Супакой — гэта радасць “нулявога ўзроўню”, але ўжо радасць. Перажыванні, цяжкасці і пакуты здараюцца ў жыцці кожнага, усім нам гэта знаёма; так часта сітуацыя вакол нас здаецца неспрыяльнай і цяжкай, падобнай да пустыні, у якой гучаў голас Яна Хрысціцеля, як згадваецца ў сённяшнім Евангеллі (гл. Ян 1, 23). Але менавіта словы Хрысціцеля пацвярджаюць, што наша радасць мае пад сабою пэўны грунт, што ў гэтай пустыні ёсць жыццё: “Сярод вас стаіць той, — кажа Ян, — каго вы не ведаеце” (пар. Ян 1, 26). Ён мае на ўвазе Езуса, Пасланца Айца, які прыходзіць, як кажа прарок Ісая, “абвяшчаць добрую навіну ўбогім, перавязваць раны змучаных сэрцаў, прапаведаваць вызваленне палонным і вязням — свабоду; абвяшчаць год ласкі Пана” (пар. Іс 61, 1–2). Гэтыя словы, якія Езус гаворыць ад свайго імя, прамаўляючы ў сінагозе ў Назарэце (гл. Лк 4, 16–19), сведчаць, што Ягонае пасланніцтва ў свеце заключаецца ў вызваленні ад граху і ад асабістых ды грамадскіх зняволенняў, якія грэх цягне за сабою. Ён прыйшоў у свет, каб вярнуць людзям годнасць і свабоду дзяцей Божых, што толькі Ён можа даць і адарыць радасцю ад гэтага».

«Радасць, уласцівая чаканню Месіі, грунтуецца на няспыннай малітве: гэта другая пастава, — працягваў Папа. — Святы Павел кажа: “Няспынна маліцеся” (пар. 1 Тэс 5, 17). Праз малітву мы можам увайсці ў пастаянныя адносіны з Богам, які з’яўляецца крыніцай сапраўднай радасці. Радасць хрысціяніна не набываецца, яе немагчыма купіць; яна паходзіць з веры і з сустрэчы з Езусам Хрыстом, прычыны нашага шчасця. І чым больш мы закаранёныя ў Хрысце, чым бліжэй мы да Езуса, тым больш мы знаходзім унутранага спакою, нават сярод штодзённых супярэчнасцяў. Таму хрысціянін, які сустрэўся з Езусам, не можа быць прарокам няшчасця, а становіцца сведкам і вестуном радасці. Радасці, якою ён дзеліцца з іншымі; радасці, што перадаецца іншым і робіць жыццёвы шлях не такім цяжкім».

«Трэці падыход, паказаны Паўлам, — гэта пастаянная падзяка, гэта значыць удзячная любоў у адносінах да Бога. Ён сапраўды вельмі велікадушны з намі, і мы пакліканыя заўсёды дзякаваць за Ягоныя дабрадзействы, за Яго міласэрную любоў, за Яго цярплівасць і дабрыню, жывучы такім чынам у няспыннай удзячнасці», — адзначыў Святы Айцец.

«Радавацца, маліцца і дзякаваць — вось тры паставы, якія падрыхтоўваюць нас да таго, каб належным чынам перажыць Божае Нараджэнне», — падкрэсліў папа Францішак. Папа заклікаў на гэтым апошнім этапе Адвэнту даверыцца матчынаму заступніцтву Панны Марыі: «Яна — “прычына нашай радасці”, не толькі таму, што нарадзіла Езуса, але таму, што няспынна скіроўвае нас да Яго».

Пасля малітвы «Анёл Панскі» рымская моладзь з нагоды дня нараджэння Папы праспявала Tanti auguri a te — «З днём народзін цябе». Пантыфік падзякаваў за віншаванне.

«Я ўсім сэрцам далучаюся да закліку біскупаў Нігерыі аб вызваленні шасці сясцёр з супольнасці Эўхарыстычнага Сэрца Хрыста, якіх каля месяца таму выкралі з іх кляштара. Я нястомна малюся за іх і за ўсіх іншых людзей, якія перажываюць такі ж самы боль: няхай з нагоды Божага Нараджэння яны нарэшце змогуць вярнуцца ў свае дамы», — сказаў таксама Святы Айцец.

Пантыфік прывітаў сем’і, парафіяльныя групы і рухі, якія прыбылі з Італіі і з розных краін свету, асабліва групу скаўтаў з Партугаліі і балівійскіх пілігрымаў, вернікаў з Саламанкі і Пернуміі (Падуя) і дзяцей, якія прыйшлі на благаслаўленне «Дзетачак», арганізаванае Цэнтрам рымскіх араторыяў. «Адсюль я магу прачытаць прыгожыя словы, што араторый існуе менавіта для кожнага з нас, — сказаў з гэтай нагоды Папа. — “Заўсёды ёсць месца для цябе”, — напісана на плакаце. Заўсёды ёсць месца для цябе! Калі будзеце маліцца дома, перад батлейкай, разам са сваімі роднымі, дазвольце ахапіць сябе замілаваннем Дзіцяткі Езуса, які нарадзіўся сярод нас, бедны і безабаронны, каб даць нам сваю любоў. Гэта — сапраўднае Божае Нараджэнне. Калі мы пазбавімся ад Езуса, што застанецца ад Божага Нараджэння? Пустое свята. Не выкідайце Езуса з Божага Нараджэння! Езус — у цэнтры Божага Нараджэння, Езус — гэта сапраўднае Божае Нараджэнне!»

Папа пажадаў усім добрай нядзелі і добрага шляху да Нараджэння Хрыста, а таксама папрасіў не забываць маліцца за яго.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.