Пошук


«Будучыняй М’янмы павінен быць мір, збудаваны на павазе да годнасці і правоў кожнага члена грамадства, на павазе да кожнай этнічнай групы і яе тоеснасці, на павазе да закону і дэмакратычнага ладу», — сказаў папа Францішак у звароце да дзяржаўных уладаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса М'янмы. Сустрэча прайшла 28 лістапада ў Міжнародным кангрэс-цэнтры ў Найп’іда.

Святы Айцец заўважыў, што самым вялікім багаццем М’янмы з’яўляецца яе народ, які шмат пакутаваў і працягвае цярпець па прычыне працяглых ўнутраных канфліктаў і варожасці, што пасеялі глыбокія падзелы. «Лячэнне ран з’яўляецца фундаментальным палітычным і духоўным прыярытэтам», — падкрэсліў Пантыфік.

Папа падтрымаў намаганні ўладаў па аднаўленні міру і дадаў, што згода магчыма толькі на базе справядлівасці і павагі да правоў чалавека. У гэтым кантэксце адмысловую ролю адыгрываюць рэлігіі, якія павінны «дапамагчы пераадолець прычыны канфліктаў, будаваць масты дыялогу, шукаць справядлівасці і быць прароцкім голасам пакутуючых».

Пантыфік пажадаў, каб грамадскія адметнасці былі не прычынай канфліктаў, а сілай для дасягнення адзінства, прабачэння, талерантнасці і мудрага будавання краіны. Святы Айцец заклікаў прадстаўнікоў розных веравызнанняў супрацоўнічаць у дапамозе бедным і навучанні сапраўдным рэлігійным і чалавечым каштоўнасцям.

Звяртаючыся да каталіцкай супольнасці М’янмы, Пантыфік адзначыў важнасць яе ўдзелу ў працы на карысць супольнага дабра праз дабрачынныя і гуманітарныя ініцыятывы ў супрацоўніцтве з вызнаўцамі іншых рэлігій і ўсімі людзьмі добрай волі, «каб адкрыць новую эру згоды і прагрэсу».

Пасля сустрэчы з палітыкамі і грамадскімі дзеячамі Святы Айцец накіраваўся ў аэрапорт, адкуль выляцеў у кірунку Янгона. Там, у сядзібе мясцовага арцыбіскупа, знаходзіцца яго часовая рэзідэнцыя.

Абноўлена 29.11.2017 10:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.