25 лістапада папа Францішак сустрэўся з удзельнікамі адукацыйных курсаў для духавенства і свецкіх на тэму «Новы сужэнскі працэс і працэдура super rato».
У сваёй прамове Пантыфік удакладніў прынцыповыя аспекты адносна ролі і паўнамоцтваў дыяцэзіяльнага біскупа ў сужэнскіх працэсах Каталіцкага Касцёла, якія вынікаюць з Апостальскіх лістоў у форме motu proprio — Mitis Iudex Dominus Iesus і Mitis et misericors Iesus, прынятых у жніўні 2015 г.
«Дыяцэзіяльны біскуп, з прычыны свайго пастырскага служэння, з’яўляецца адзіным і персанальным суддзёй у кароткім сужэнскім працэсе, — нагадаў папа Францішак. — Такі працэс — абавязак, які ўскладаецца на біскупа падчас кансэкрацыі, а не варыянт, які дыяцэзіяльны біскуп можа выбраць».
Дыяцэзіяльны біскуп з’яўляецца адзінай правамоцнай асобай на асноўных этапах кароткага сужэнскага працэсу: на яго імя павінна быць адрасавана хадайніцтва; разгляд справы павінен здзяйсняцца ім праз судовага вікарыя або іншага выканаўцу, у тым ліку і свецкага, асэсара, і абавязкова ў прысутнасці адваката; кароткі працэс павінен быць закрыты на працягу адной сесіі, калі споўнена абавязковая ўмова прысутнасці абсалютных доказаў фактаў меркаванай несапраўднасці сужэнства; судовае рашэнне абвяшчаецца заўсёды і выключна ад імя дыяцэзіяльнага біскупа, — нагадаў папа Францішак асноўныя палажэнні кароткага сужэнскага працэсу.
Пры гэтым Святы Айцец падкрэсліў, што міласэрнасць, блізкасць і бескарыслівасць павінны быць галоўнымі прынцыпамі, якімі кіруецца Касцёл у здзяйсненні сваіх паўнамоцтваў.
На думку папы Францішка, адукацыйныя курсы па праблемах сужэнства спрыяюць распрацоўцы правільнага падыходу да ўсё больш шырокага і сур’ёзнага вывучэння «новага» сужэнскага працэсу, які ў сваю чаргу з’яўляецца вобразам Касцёла, здольнага прымаць і клапаціцца пра асоб, параненых жыццём, і адначасова заклікам да намаганняў па абароне святасці сужэнскага саюзу.
Курсы на тэму «Новы сужэнскі працэс і працэдура super rato» праходзілі ў Рыме 20-25 лістапада 2017 г. па ініцыятыве Трыбунала Рымскай Роты.