Пошук


Штодня і штогадзіны мы павінны быць гатовымі да сустрэчы з Езусам — нагадаў папа Францішак 12 лістапада падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

«Умова, каб быць гатовым да сустрэчы з Панам — гэта не толькі вера, але і хрысціянскае жыццё, поўнае любові і міласэрнасці да бліжняга», — падкрэсліў Папа. Святы Айцец перасцярог перад імкненнем да асабістай выгоды, таму што тады жыццё становіцца бясплодным.

«У сённяшнюю нядзелю Евангелле (Мц 25, 1-13) указвае нам умовы для ўваходу ў Валадарства Нябеснае. Яно робіць гэта з дапамогаю прыпавесці пра дзесяць паннаў: гэта тыя сяброўкі, якія павінны былі прыняць і суправаджаць жаніха падчас цырымоніі шлюбу. Таму, што ў той час было прынята святкаваць яго ў начны час, сяброўкі трымалі ў сваіх руках светачы.

Прыпавесць гаворыць, што пяць з іх былі мудрыя, а пяць — неразумныя: мудрыя прынеслі з сабой алей для светачаў, а неразумныя яго не прынеслі. Жаніх спазняўся, і ўсе яны паснулі. Апоўначы было абвешчана аб прыбыцці жаніха. Тады неразумныя панны заўважылі, што не маюць алею ў светачах, і пачалі прасіць яго ў мудрых. Але тыя адказалі, што не могуць даць, бо тады не будзе хапаць ні адным, ні другім.

Калі неразумныя панны пайшлі шукаць алей, прыйшоў жаніх. Мудрыя панны ўвайшлі з ім у банкетную залу, і дзверы зачыніліся. Пяць неразумных паннаў прыбылі пазней і пачалі стукаць у дзверы, але пачулі ў адказ: «Я не ведаю вас» (Мц 25, 12) — і засталіся звонку.

Чаму хоча навучыць нас Езус гэтай прыпавесцю? Ён нагадвае нам, што мы павінны заўсёды быць гатовы да сустрэчы з Ім. Шмат разоў у Евангеллі Езус заклікае да чування і робіць гэта таксама ў канцы гэтага аповеду. Так кажа: «Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны» (Мц 25, 13). Але з гэтай прыпавесцю Хрыстус нам кажа, што чуваць — гэта не значыць толькі не спаць, але быць гатовым.

Сапраўды, усе панны спалі перад прыходам жаніха, але, калі абудзіліся, некаторыя з іх былі гатовы яго прыняць, а іншыя — не. Тут становіцца зразумелым значэнне «быць мудрым» і «асцярожным»: гаворка ідзе пра тое, каб не чакаць да апошняга моманту нашага жыцця, каб супрацоўнічаць з Божай ласкай, але рабіць гэта зараз. Было б прыгожа крышку падумаць: прыйдзе дзень, які будзе апошнім. Калі б гэта здарылася сёння, ці быў бы я падрыхтаваны? Трэба рыхтавацца, быццам гэта твой апошні дзень.

Светач — гэта сімвал веры, які асвятляе нашае жыццё, а алей з'яўляецца сімвалам любові, якая сілкуе, робіць плённым і даверлівым святло веры. Умова таго, каб быць гатовым да сустрэчы з Панам, — гэта не толькі вера, але і хрысціянскае жыццё, поўнае любові і міласэрнасці да бліжняга.

Калі мы дазволім сабе кіравацца тым, што, здаецца, будзе больш выгодным, у пошуку сваіх інтарэсаў, нашае жыццё становіцца бясплодным, няздольным даць жыццё іншым, мы не назапашваем алею для светача нашай веры, і светач згасне ў момант прыходу Пана ці нават раней.

Няхай Панна Марыя дапаможа нам практыкаваць нашу веру ўсё больш і больш актыўна праз пасрэдніцтва ўчынкаў любові, каб наш светач змог ззяць ужо тут, на зямным шляху, а затым назаўсёды ў раі», — сказаў Папа.

Абноўлена 13.11.2017 17:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця