Літургічнай фармацыі вернікаў прысвяціў сваё разважанне папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 8 лістапада.
Святы Айцец распачаў новы цыкл катэхез, прысвечаны самому «сэрцу» Касцёла, якім з’яўляецца Эўхарыстыя.
Пантыфік нагадаў, што падчас пераследу ў першыя стагоддзі гісторыі Касцёла ўдзельнічаць у святой Імшы было небяспечна. Папа распавёў пра паўночнаафрыканскіх хрысціян, якія адказвалі сваім ганіцелям, што без Эўхарыстыі іх жыццё не ўяўляецца магчымым.
«Гэтых хрысціян з Паўночнай Афрыкі забівалі за цэлебрацыю Эўхарыстыі. Яны пакінулі сведчанне аб тым, што можна адмовіцца ад зямнога жыцця дзеля Эўхарыстыі, бо яна дае вечнае жыццё, дазваляючы ўдзельнічаць у перамозе Хрыста над смерцю», — сказаў Папа.
Святы Айцец заўважыў, што ў сваіх катэхезах хоча даць адказы на некаторыя важныя пытанні аб Эўхарыстыі, растлумачыць, як праз гэту таямніцу веры ззяе Божая любоў.
«Імша — гэта не шоў. Ніякіх смартфонаў!»
«Другі Ватыканскі Сабор быў моцна натхнёны жаданнем весці хрысціян да разумення велічы веры і прыгажосці сустрэчы з Хрыстом. Па гэтай прычыне было неабходна найперш здзейсніць пад кіраўніцтвам Святога Духа адпаведнае абнаўленне літургіі, бо Касцёл безупынна жыве ёю і абнаўляецца дзякуючы ёй. Цэнтральнай тэмай, якую падкрэслілі Айцы Сабору, з’яўляецца літургічная фармацыя вернікаў, неад’емная для сапраўднага абнаўлення. Менавіта ў гэтым мэта цыклу катэхез, які мы пачынаем сёння: узрастаць у знаёмстве з гэтым вялікім дарам, які мы атрымалі ад Бога ў Эўхарыстыі», — адзначыў Пантыфік.
Папа нагадаў, што ў Эўхарыстыі Хрыстус становіцца прысутным у нашым жыцці, а ўдзельнічаць у святой Імшы азначае яшчэ раз перажыць муку і адкупленчую смерць Пана.
Пантыфік прызнаўся, што яго вельмі засмучае, калі падчас Імшы бачыць узнятыя вернікамі або нават святарамі і біскупамі смартфоны. «Імша — гэта не шоў! Гэта выйсце насустрач муцы, уваскрасенню Пана (...). Калі ласка, ніякіх смартфонаў», — падкрэсліў Папа.
«Вельмі важна вярнуцца да вытокаў, нанова адкрыць тое, што важнае, праз тое, да чаго дакранаемся і што бачым у цэлебрацыі Эўхарыстыі. Просьба святога апостала Тамаша аб тым, каб мець магчымасць убачыць і дакрануцца да ранаў ад цвікоў на целе Езуса — гэта жаданне мець магчымасць нейкім чынам “дакрануцца” да Бога, каб верыць у Яго.
Просьба св. Тамаша да Пана — гэта тое, у чым мы ўсе маем патрэбу: бачыць і дакранацца да Яго, каб мець магчымасць Яго распазнаць. Сакрамэнты выходзяць насустрач гэтай чалавечай патрэбе. Сакрамэнты, і асаблівым чынам эўхарыстычная цэлебрацыя, — гэта знакі Божай любові, прывілеяваныя шляхі для нашай сустрэчы з Ім», — сказаў Святы Айцец.
Папа Францішак заўважыў, што праз свой цыкл катэхез жадае нанова разам з вернікамі раскрыць прыгажосць, заключаную ў Эўхарыстыі, пазнанне якой напаўняе сэнсам жыццё кожнага верніка.