«Немагчыма быць у саюзе з Панам і ў той жа час дрэнна абыходзіцца з тымі, хто знаходзіцца пад Яго абаронай. А хто знаходзіцца пад Яго абаронай? Біблія кажа, што гэта ўдава, сірата і чужынец, перасяленец, гэта значыць, асобы найбольш самотныя і безабаронныя», — адзначыў папа Францішак падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра 29 кастрычніка.
У гэтую нядзелю, як падкрэсліў Пантыфік, літургія падае важны ўрывак з Евангелля (пар. Мц 22, 34–40): «Евангеліст Мацвей гаворыць, што фарысеі сабраліся, каб выпрабаваць Езуса. Адзін з іх, кніжнік — знаўца Закону, — звярнуўся да Яго з пытаннем: “Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе?” Гэта было падступнае пытанне, таму што ў Законе Майсея налічваецца больш за шэсцьсот прадпісанняў... Але Езус без ваганняў адказвае: “Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім”. І дадае: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”».
Гэты адказ Езуса, як адзначыў Святы Айцец, «не быў загадзя вядомым, таму што сярод мноства прадпісанняў юдэйскага Закону найбольш важнымі былі Дзесяць Запаведзяў, перададзеныя Майсею непасрэдна Богам як умовы Саюзу-Запавету з народам». Езус, як працягваў Папа, хоча даць зразумець: «без любові да Бога і да бліжняга няма сапраўднай вернасці гэтаму Запавету з Панам».
«Тое ж пацвярджае яшчэ адзін тэкст з кнігі Зыходу, які называецца “кодэксам Запавету”, у якім гаворыцца, што немагчыма быць у саюзе з Панам і ў той жа час дрэнна абыходзіцца з тымі, хто знаходзіцца пад Яго абаронай. А хто знаходзіцца пад Яго абаронай? Біблія кажа, што гэта ўдава, сірата і чужынец, перасяленец, гэта значыць, асобы найбольш самотныя і безабаронныя (пар. Зых 22, 20–21)», — падкрэсліў Пантыфік.
«Адказваючы тым фарысеям на іхняе пытанне, Езус імкнецца таксама дапамагчы ім прывесці ў парадак сваю пабожнасць, пераасэнсаваць, што сапраўды мае значэннне, а што менш важнае. Езус кажа: “На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі”. Яны — самыя важныя, і ўсе іншыя залежаць ад гэтых дзвюх. І Езус менавіта так пражыў сваё жыццё: прапаведуючы і робячы тое, што сапраўды мае значэнне і што істотна, а менавіта — любоў. Любоў накіроўвае і робіць плённым жыццё і шлях веры», — заўважыў папа Францішак.
«Бог, які ёсць Любоў, стварыў нас для таго, каб зрабіць нас удзельнікамі свайго жыцця, каб мы былі Ім любімымі і каб любілі Яго, а таксама каб разам з Ім любілі ўсіх людзей. Гэта — «мара» Бога для чалавека. Каб яе здзейсніць, нам неабходна засвоіць здольнасць любіць, што паходзіць ад самога Бога. Езус дае сябе нам у Эўхарыстыі менавіта для гэтага. У ёй мы прымаем Езуса ў найбольшай праяве Ягонай любові, калі Ён ахвяраваў самога сябе Айцу дзеля нашага збаўлення», — заключыў Святы Айцец.