Пошук

23.10.2017 12:29   Мікола Гракаў / Catholic.by

«Першасны давер да Бога і надзея на Яго не прадугледжваюць уцёкаў ад рэчаіснасці, а больш за тое, схіляюць на справе аддаць Богу тое, што Яму належыць», — адзначыў папа Францішак падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра 22 кастрычніка.

«Евангелле гэтай нядзелі (Мц 12, 15–21) апавядае нам пра яшчэ адно сутыкненне тварам у твар паміж Езусам і Яго праціўнікамі. Закранутая імі тэма датычыцца падатку цэзара: “калючае” пытанне адносна таго, наколькі законна або не плаціць даніну рымскаму імператару, якому была падуладная Палестына часоў Хрыста. Да гэтага ставіліся па-рознаму, — адзначыў Пантыфік. — У залежнасці ад адказу Езуса, Яго можна было б абвінаваціць у тым, што Ён за Рым або супраць Рыма».

Езус, аднак, адказвае спакойна і «выкарыстоўвае гэтае зласлівае пытанне, каб даць важнае павучэнне, узняўшыся па-над спрэчкамі паміж супрацьлеглымі групоўкамі». «З аднаго боку, наказваючы аддаваць імператару тое, што яму належыць, Езус сцвярджае, што плата падаткаў — гэта не ідалапаклонніцкае дзеянне, а выкананне абавязку перад зямнымі ўладамі; з другога ж боку (і тут — «палёт думкі» Езуса), нагадваючы пра першынство Бога, Ён заклікае аддаць Яму тое, што Яму належыць як Пану, — чалавечае жыццё і гісторыю», — падкрэсліў Папа.

«Зварот да выявы цэзара, выбітай на манеце, (…) сімвалічна прымушае задумацца пра іншую выяву, адціснутую ў кожным чалавеку: пра вобраз Бога. Ён — Валадар усяго, а мы (…) перадусім належым Яму, — нагадаў Святы Айцец. — Нашае жыццё, дзень пры дні, мы можам і павінны пражываць, усведамляючы гэтую нашую асноўную прыналежнасць і з сардэчнаю падзякаю нашаму Айцу, які стварае кожнага з нас адзіным і непаўторным... Гэта — захапляльная таямніца».

Кожны хрысціянін, як дадаў Пантыфік, пакліканы выконваць канкрэтныя абавязкі ў чалавечай і грамадскай рэчаіснасці, не супрацьпастаўляючы «Бога» і «цэзара». «Першасны давер Богу і надзея на Яго не прадугледжваюць уцёкаў ад рэчаіснасці, а больш за тое, схіляюць на справе аддаць Богу тое, што Яму належыць», — заключыў папа Францішак.

Абноўлена 23.10.2017 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа