Пошук

29.11.2023 17:49   Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Catholic.by

28 лістапада ў цэнтры Caritas у пасёлку Ляскоўка, што пад Мінскам, адбыўся першы ў гісторыі Агульнабеларускі форум касцёльнага права з удзелам кананістаў і іерархаў каталіцкага Касцёла на Беларусі.

Напярэдадні з нагоды 40-й гадавіны з часу ўступлення ў сілу новага Кодэкса Кананічнага Права, прамульгаванага Папам Янам Паўлам ІІ, у Апостальскай нунцыятуры ў Мінску адбыўся прыём, які даў старт гэтай гістарычнай падзеі ў жыцці мясцовага Касцёла.

Падчас форуму кананічнае права разглядалася ў перспектыве сінадальнасці, да чаго заклікае Папа Францішак, улічваючы ўсё большую ролю, якую адыгрываюць свецкія вернікі ў місіі Касцёла, а таксама жаданне розных канфесій разам супрацоўнічаць і дзяліцца вопытам ў пытаннях прававога рэгулявання дзейнасці рэлегійных арганізацый.

На пачатку форуму да сабраных з прывітальным словам звярнуўся кансультант Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі па прававых пытаннях ксёндз канонік Андрэй Зноска. Святар пазнаёміў удзельнікаў з распарадкам працоўнай сустрэчы і заклікаў усіх да актыўнай дыскусіі.

Прывітаў удзельнікаў форуму і пажадаў плённай працы Апостальскі нунцый ў Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Прадстаўнік Папы падкрэсліў, што вывучэнне і развіццё кананічнага права з’яўляецца вельмі важным для ўсяго паўсюднага Касцёла і Касцёла на Беларусі ў прыватнасці.

«Паважаныя кананісты, заахвочваю вас працягваць вывучэнне абноўленага Кодэкса, каб прыйсці да правільнага прымянення кананічных нормаў у касцёльным жыцці. Несумненна, гэта стане эфектыўным і вытанчаным прававым інструментам для таго, каб біскупы маглі эфектыўна супрацьстаяць заўсёды новым выклікам, якія паўстаюць перад сучасным чалавекам у сталым і жывым клопаце аб гарманічным суіснаванні і канчатковым лёсе людзей», — сказаў нунцый Антэ Ёзіч. Такія натхняльныя словы прадстаўніка Папы ў нашай краіне далі старт працы форуму.

Першым прамоўцам стаў ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі, які выступіў з дакладам на тэму «Супрацоўніцтва парафіі і дыяцэзіяльнай курыі ў выкананні прадпісанняў сакрамэнтальнага права». Ксёндз Дзімтрый, які з’яўляецца касцёльным суддзёй і адначасова канцлерам Мінска-Магілёўскай мітрапалітальнай курыі, разгледзеў шматлікія пытанні, якія могуць выклікаць непаразуменні і розныя падыходы ў розных парафіях, але рэгулююцца нормамі кананічнага права.

У дыскусіі, якая адбылася пасля дакладу, актыўны ўдзел узяў прадстаўнік Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна протаіерэй Мікалай Балахоўскі, які таксама падзяліўся досведам Беларускай Праваслаўнай Царквы па шэрагу пытанняў.

Наступным на форуме выступіў ксёндз Андрэй Зноска, які прадставіў даклад на тэму «Паміж Сцылай і Харыбдай. Актуальныя праблемы дзяржаўна-канфесійных адносін». Правазнаўца разгледзеў пытанні рэгістрацыі маёмасці, перарэгістрацыі парафій, а таксама шэраг іншых нормаў, якія рэгулююць рэлігійную дзейнасць у межах дзяржаўнага заканадаўства.

Даклад на тэму «Ахова персанальных дадзеных падчас правядзення працэсаў у касцёльных судах рымска-каталіцкіх дыяцэзій у Беларусі» прадставіў афіцыял біскупскага суда ў Мінску ксёндз канонік Кірыл Бардонаў. Святар засяродзіўся на ахове персанальных дадзеных парафіянаў, растлумачыўшы, якім чынам яна рэгулюецца і хто па нормах заканадаўства можа мець да іх доступ.

На гэтым завяршылася першая частка форуму, пасля чаго адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп, разважаючы над Евангеллем, падкрэсліў, што кананічнае права мае сваю крыніцу ў вучэнні Хрыста, і што менавіта Хрыстус з’яўляецца ключом для разумення чалавека. Абавязковая сіла прававых нормаў Касцёла не вынікае толькі з рацыянальных пасылаў: іх асновай з’яўляецца перш за ўсё вера.

«Уся прававая структура Касцёла, рэгламентаваная Кодэксам Кананічнага Права, усе інструменты, з дапамогай якіх яна ажыццяўляе гэтую ўладу, гэта значыць законы, адміністрацыйныя акты, працэсы, кананічныя санкцыі, але таксама пастырскае служэнне, павінны служыць адной мэце — збаўленню чалавека», — падкрэсліў арцыбіскуп Станеўскі.

Пасля перапынку канцлер Пінскай дыяцэзіяльнай курыі ксёндз Андрэй Рылка прадставіў прэзентацыю на тэму «Светапоглядныя абумоўленасці прававых сістэм», у якой прааналізаваў праблему магчымай дэфармацыі права ў залежнасці ад светапогляду чалавека альбо групы людзей.

Апошнім прамоўцам на форуме стаў віцэ-канцлер Гродзенскай дыяцэзіяльнай курыі ксёндз канонік Антоні Грэмза, які выступіў з дакладам на тэму «Дзейнасць дыяцэзіяльнай курыі ў кантэксце функцыянавання Каталіцкага Касцёла ў Беларусі». Святар падзяліўся сваім вопытам працы ў Курыі Гродзенскай дыяцэзіі, але адзначыў, што ў іншых курыях некаторыя моманты могуць адрознівацца.

Пасля выступлення кожнага з дакладчыкаў адбываліся гарачыя дэбаты, актыўны ўдзел у якіх бралі і прысутныя іерархі.

На завяршэнне форуму арцыбіскуп Юзаф Станеўскі выказаў задавальненне ад таго, што на сустрэчы быў дадзены старт шырокаму вывучэнню і абмеркаванню кананічных нормаў у нашай краіне. Па меркаванні арцыбіскупа, гэта павінна станоўча паўплаваць на далейшую дзейнасць Каталіцкага Касцёла на Беларусі.

Таксама іерарх даў сваё пастырскае благаслаўленне на стварэнне адмысловай камісіі, якая будзе займацца прававымі пытаннямі і нормамі ў Касцёле.

Ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, адзін з ініцыятараў і арганізатараў форуму, напрыканцы мерапрыемства заклікаў удзельнікаў і надалей браць актыўны ўдзел у абмеркаванні прававых пытанняў. Святар падкрэсліў, што падчас дыскусіі былі вызначаны шматлікія кірункі, над якімі трэба працаваць, і што ў гэтай справе важна ведаць і ўлічваць розныя меркаванні і сітуацыю, у якой знаходзіцца мясцовы Касцёл. Ксёндз Віктар адзначыў, што ўжо запланаваныя паасобныя крокі для дасягнення пастаўленых мэтаў дзейнасці новастворанай камісіі.

 

Абноўлена 24.08.2024 14:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.