Пошук

Ілюстратыўнае фота: Tom Gralish/The Philadelphia Inquirer, Pool

Божаму народу трэба бачыць, што яго святары паважаюць адзін аднаго і жывуць як браты. Пра гэта гаварыў Папа Рымскі падчас аўдыенцыі для супольнасці святароў Папскага бразільскага калегіума.

Сустрэча прайшла 21 кастрычніка ў Ватыкане і была прымеркавана да 300-годдзя адшукання цудадзенай фігуркі Маці Божай з Апарэсіды, апякункі Бразіліі.

У прамове Святы Айцец падкрэсліў, як важна пераадолець адаптацыю, калі святар больш не выконвае толькі душпастырскія абавязкі, але з’яўляецца студэнтам: «Вы больш не пробашчы і парафіяльныя вікарыі, але святары-студэнты. І гэты новы статус можа пагражаць стварэннем нераўнавагі паміж чатырма стаўпамі, на якіх трымаецца жыццё прэзбітэра: духоўным вымярэннем, акадэмічным, чалавечым і душпастырскім», — сказаў Папа.

Папа Францішак заклікаў святароў, каб вучоба, якая ў актуальны перыяд іх жыцця становіцца галоўным заняткам, не прыводзіла да занядбання іншых вымярэнняў.

«Неабходна клапаціцца пра духоўнае жыццё праз штодзённую святую Імшу, штодзённую малітву, “lectio divina”, асабістую сустрэчу з Панам, малітву на ружанцы. Таксама трэба клапаціцца пра душпастырскае жыццё: па магчымасці вітаецца і раіцца ажыцяўленне якой-небудзь апостальскай дзейнасці.

Адносна чалавечага вымярэння, трэба, перш за ўсё, пазбягаць, каб перад абліччам пэўнай пустаты, створанай самотнасцю, гублялася касцёльная і місійная перспектыва вучобы», — зазначыў Пантыфік.

Па словах Святога Айца, занядбанне гэтых вымярэнняў адчыняе дзверы для некаторых «хваробаў», якія могуць адолець святара-студэнта, сярод якіх «акадэмізм» і спакуса ператварэння вучобы ў сродак для ўласнага самасцвярджэння.

«У абодвух выпадках прыходзіш да гашэння веры, якую мы пакліканы захоўваць, як св. Павел прасіў Цімафея: “Беражы гэты дэпазіт веры, пазбягай бязбожнага пустаслоўя, а таксама супярэчнасцяў фальшывага пазнання, ідучы за якім, некаторыя адышлі ад веры”. Не забывайцеся, калі ласка, што, перш чым стаць настаўнікамі і навукоўцамі, вы з’яўляецеся і павінны заставацца святарамі, пастырамі Божага народа!» — падкрэсліў папа Францішак.

Святарскае братэрства не выключае нікога

У якасці самага эфектыўнага сродку ад парушэння раўнавагі паміж фундаментальнымі стаўпамі святарскага жыцця Папа назваў святарскае братэрства.

«На практыцы гэта значыць ведаць, што першым аб’ектам нашай душпастырскай любові павінен быць наш брат у святарстве: “Насіце цяжары адзін аднаго і так выканаеце закон Хрыстовы”.

Трэба маліцца разам, раздзяляць радасці і выклікі акадэмічнага жыцця; дапамагаць тым, хто пакутуе ад настальгіі; разам здзяйсняць прагулкі; жыць як сям’я, па-братэрску, нікога не пакідаючы асобна, уключаючы тых, хто перажывае цяжкасці або, магчыма, меў годныя ганьбавання паводзіны, таму што святарскае братэрства не выключае нікога», — нагадаў Папа.

Абноўлена 23.10.2017 14:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця