Пошук

19.10.2017 10:27   be.radiovaticana.va

Святы Айцец 18 кастрычніка прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю Сусветнай канферэнцыі «Рэлігіі за мір». Пантыфік падкрэсліў важнасць існавання міжрэлігійных пляцовак для ўмацавання бяспекі на планеце.

«Мір застаецца актуальнай задачай у сучасным свеце, дзе так шмат народаў траўміраваны вайной і канфліктамі. Мір з’яўляецца Божым дарам і, у той жа час, чалавечым дасягненнем. Вось чаму вернікі ўсіх рэлігій закліканы маліцца і хадайнічаць за мір», — казаў Папа.

Папа Францішак перакананы, што «рэлігіі, з іх духоўнымі і маральнымі рэсурсамі, маюць унікальную і незаменную ролю ў пабудове міру»; яны не могуць быць нейтральнымі, асабліва ў такіх пытаннях.

«Тыя, хто здзяйсняюць акты насілля або спрабуюць апраўдаць іх у імя рэлігіі, глыбока абражаюць Бога, які ёсць мір і крыніца міру, які пакінуў людзям адлюстраванне сваёй мудрасці, сілы і прыгажосці», — падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец выказаў павагу і ўдзячнасць за працу Сусветнай канферэнцыі «Рэлігіі за мір», паколькі асацыяцыя дае сведчанне таму, што «рэлігіі звязаны па самой сваёй прыродзе ў садзейнічанні ўмацаванню міру на аснове справядлівасці, братэрства, раззбраення і клопату пра стварэнне».

«Дзякуй Богу, у розных частках свету мы маем шмат добрых прыкладаў сілы міжрэлігійнага супрацоўніцтва ў супрацьстаянні гвалтоўным канфліктам, у мэтах садзейнічання ўстойліваму развіццю і абароне Зямлі. Давайце працягнем ісці па гэтым шляху! Мы верым у дапамогу Усемагутнага і добрую волю вернікаў і многіх іншых асобаў», — сказаў папа Францішак, звяртаючыся да дэлегацыі Сусветнай канферэнцыі.

«Рэлігіі за мір» — найбуйнейшая міжнародная кааліцыя прадстаўнікоў сусветных рэлігій, створаная ў 1961 годзе для працы на карысць міру.

Яе штаб-кватэра знаходзіцца ў Нью-Ёрку, рэгіянальныя канферэнцыі — у Еўропе, Азіі, Афрыцы, Паўднёвай Амерыцы і на Блізкім Усходзе, больш чым 90 філіялаў — на нацыянальным узроўні. Мае кансультатыўны статус пры Эканамічным і Сацыяльным Савеце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, у ЮНЕСКА і ЮНІСЕФ.

Абноўлена 19.10.2017 17:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця