Камісія Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) рыхтуе нараду на тэму будучыні інтэграцыі кантынента. Яна пройдзе ў Ватыкане. У кантэксце Brexit палітыкі збяруцца разам, каб пераасэнсаваць еўрапейскі праект, адыходзячы ад зробленых у мінулым памылак і вяртаючыся да першапачатковага бачання айцоў-заснавальнікаў.
Як лічыць генеральны сакратар Камісіі айцец Аліўе Пакіён, Еўропа сёння перажывае цяжкія моманты, але сітуацыя не больш складаная, чым 60 гадоў таму, калі ствараўся Еўрапейскі Саюз.
Святар нагадаў, што будаўніцтва адзінай Еўропы было барацьбой за мір на кантыненце, і гэтая мэта была дасягнута, аднак па-ранейшаму намаганні ў гэтым напрамку неабходныя.
«Калі мы нічога не будзем рабіць, рызыкуем, што сітуацыя будзе яшчэ горшай», — сказаў французскі дамініканін у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. Ён прызнаў, што меркаванні пра мадэль інтэграцыі падзяліліся не толькі сярод еўрапейскіх палітыкаў, але і ў Касцёле.
«Без сумневу, мы цяпер сутыкнуліся з пошукам еўрапейскай ідэнтычнасці. Тут з’яўляюцца розныя словы: ідэнтычнасць, каштоўнасці, еўрапейскія каштоўнасці. Але калі папрасіць назваць спіс гэтых каштоўнасцяў, атрымліваецца, што такога няма. Ніхто не ведае, пра што размова», — падзяліўся святар.
«Калі мы не ведаем, хто мы ёсць, нам цяжка будзе прыняць іншага чалавека», — дадаў генеральны сакратар Камісіі.
Ён заўважыў, што Касцёл прыйшоў у Еўропу больш за дзве тысячы гадоў таму і ўкараніўся ва ўсёй разнастайнасці кантынента. І яго місія — сказаць Еўропе, што «трэба клапаціцца пра свае карані, а не проста збіраць плады з дрэва, якое расце», — адзначыў святар у кантэксце правядзення форуму.
Ватыканская сустрэча біскупаў і палітыкаў на тэму еўрапейскай інтэграцыі пройдзе 27- 29 кастрычніка.