Пошук

17.10.2017 09:46   be.radiovaticana.va / Catholic.by

15 кастрычніка падчас Эўхарыстыі на плошчы Св. Пятра ў Ватыкане папа Францішак кананізаваў 35 чалавек: кс. Андрэ дэ Савераль, кс. Амброзія Франсіска Фэра, свецкага верніка Матэо Марэйра і 27 іх паплечнікаў, забітых у 1645 г. у Бразіліі; падлеткаў Крыстабаля, Антоніо і Хуана, забітых з нянавісці да веры ў 1529 г. у Мексіцы; а. Фаўстыно Мігес Гансалеса, іспанскага законніка з Ордэна піяраў, памерлага ў 1925 г.; а. Анджэло да Акры, італьянскага капуцына, памерлага ў 1739 г.

У гаміліі Пантыфік нагадаў, што Бог прагне асабістых адносін з кожным чалавекам. Ён запрашае нас і шукае, і «не задавольваецца тым, каб мы проста добра выконвалі свае абавязкі і прытрымліваліся Яго законаў, але хоча мець з намі сапраўднае жыццёвае адзінства, стасункі, якія складаюцца з дыялогу, даверу і прабачэння».

Па словах Папы, хрысціянскае жыццё — гэта «гісторыя любові з Богам», у якой Бог бескарысліва бярэ ініцыятыву, і дзе ніхто не можа хваліцца эксклюзіўнасцю запрашэння: ніхто не вылучаецца сярод іншых, бо кожны прывілеяваны перад Богам.

«Можам спытаць сябе: ці прызнаёмся мы Пану ў нашай любові да Яго прынамсі раз на дзень? — заахвоціў Пантыфік. — Калі знікне любоў, хрысціянскае жыццё стане бясплодным, стане целам без душы, немагчымай мараллю, зборам прынцыпаў і законаў, якім трэба адпавядаць, не задаючы пытання “чаму?”. Але Бог жыцця чакае адказу жыцця, Пан любові чакае адказу любові».

Папа Францішак нагадаў пра небяспеку «руціннага хрысціянскага жыцця», жыцця без запалу, без энтузіязму, з кароткай памяццю, вынікам якога з’яўляецца хуткая і найгоршая старасць — старасць сэрца.

Каб «аддаліцца ад любові» Бога, па словах Святога Айца, не абавязкова чыніць зло, дастаткова выбраць «уласныя справы» і камфорт.

Напрыканцы гаміліі папа Францішак заклікаў прысутных на ўрачыстай літургіі браць прыклад з новых святых, асабліва тых «шматлікіх мучанікаў», якія сказалі «так» Божай любові сваім жыццём. «Яны штодзённа апраналіся ў любоў Езуса, надзвычайную любоў, якая палюбіла нас да канца, удзяляючы прабачэнне тым, хто яе ўкрыжаваў», — сказаў Пантыфік.

Абноўлена 17.10.2017 17:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.